2 траўня а 12:40 расейская нафта, якая адпавядае стандарту, паступіла на мяжу Беларусі. Пра гэта паведамляе канцэрн «Белнафтахім» са спасылкаю на дыспетчарскую службу ААТ «Гомельтранснафта Дружба».
Забруджаная арганічнымі хларыдамі нафта з расейскага ўчастку нафтаправода «Дружба» была выцесненая ў рэзервуары станцыі «Унеча».
Пасля стандартных тэхналагічных аперацый і адбору пробаў якасная нафта а 14:28 працягнула свой шлях у бок Мазыра
Усе дзеянні бакамі ўзгодненыя і праводзяцца па графіку, заявілі ў канцэрне.
Нагадаем, што пасля адмовы Расеі кампенсаваць Беларусі магчымыя страты ад падатковага манеўру, афіцыйны Менск заявіў пра магчымы рост тарыфаў на прапампоўку расейскай нафты па сваёй тэрыторыі на 23 %, маўляў, ён самы нізкі сярод краін-транзіцёраў. Апроч таго, было заяўлена пра магчымасць спыніць на рамонт нафтаправод «Дружба».
У Расеі з довадамі Беларусі не пагадзіліся. І неўзабаве пасля гэтага ў беларускія нафтаправоды стала паступаць няякасная расейская нафта, у якой утрыманне хларыдаў у 17 разоў перавышае норму. Гэта пашкодзіла абсталяванне Мазырскага НПЗ. У Расеі дрэнную якасць сваёй нафты прызналі і абяцалі выправіць сітуацыю яшчэ 22-23 красавіка.
МГ belsat.eu