Суд Фрунзенскага раёну Менску абвесціў прысуд Сяргею Семіжону. Яго прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў памеры 28 тысячаў долараў і асудзілі да пазбаўлення волі. Выступаючы з апошнім словам, намеснік галоўнага лекара медцэнтру МТЗ прызнаўся, што ўпершыню ў жыцці апынуўся ў такой цяжкай сітуацыі, і назваў гэта «бясконцым сорамам», піша tut.by.
Судовае пасяджэнне па чарговай «справе медыкаў» доўжылася амаль месяц. Сяргей Семіжон прызнаў віну часткова, ён не адмаўляў хабару, але настойваў: «Адзінага намеру не было». Яшчэ падчас папярэдняга расследавання лекар медцэнтру МТЗ пагасіў шкоду, вярнуўшы 28 тысячаў долараў, якія атрымаў у якасці хабару.
«Я хачу сказаць, што глыбока раскайваюся. Прашу прабачэння ў сваіх калегаў, сям’і, добрых людзей, што прымусіў вас пакутаваць. Гэта бясконцы сорам, які ўпершыню адчуваю за свае 56 гадоў жыцця», – казаў падчас апошняга слова Сяргей Семіжон.
Пракурор Жанна Баранава прасіла суд прызнаць лекара вінаватым і асудзіць яго да 7,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суд пайшоў у дарадчы пакой і абвясціў прысуд. Семіжон прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) і прыгавораны да 7,5 гадоў пазбаўлення волі.
Выступаючы ў судзе ў якасці сведак, былыя падначаленыя Семіжона распавядалі, што пры ім заробкі сталі вышэй, цэнтр пачаў набываць сучаснае абсталяванне, а пасля яго затрымання супрацоўнікі сталі звальняцца.
Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.
СК belsat.eu