Група мастакоў-манументалістаў з Менску амаль скончыла аздабляць брамную вежу замку. Цяпер яе ўпрыгожваюць 12 партрэтаў, сярод якіх кароль Стэфан Баторый. Рэшта, як ні дзіўна, выявілася рымскімі імператарамі.
Выявы выкананыя ў тэхніцы зграфіта, характэрнай для Рэнесансу. Наносіцца адзін пласт тынкоўкі – каляровы. Па ім зверху кладуць яшчэ адзін – белы. Ну а далей мастак зразае белы пласт у патрэбных месцах, каб атрымалася выява. У гэтым выпадку – профільныя партрэты ў медальёнах, грыфоны ды раслінныя арнаменты.
Як нам патлумачыў Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, тэхніка зграфіта характэрная і для нашых земляў. Частка помнікаў, дзе яна ўжывалася, надаль не захаваліся. Але ў Горадні, напрыклад, ёсць выкананая ў тэхніцы зграфіта аздоба на Брыгіцкім касцёле XVII ст., таксама зграфіта адкрылі і ў кутняй вежы Лідскага замку.
Тое, што зграфіта выкарыстоўвалася ў Гарадзенскім замку – бясспрэчна. Яго фрагменты захаваліся, а некаторыя можна ўбачыць няўзброеным вокам, напрыклад, з тыльнага боку замку, куды яшчэ не дабраліся рэканструктары. Сказаць, наколькі партрэтныя выявы, зробленыя зараз, адпавядаюць гістарычным рэаліям, сп. Антон не бярэцца:
«Я стараюся наагул не каментаваць тэму Старога замку ў Горадні. Скажу толькі, што аднаўленне падобных аб’ектаў, тым больш іх мастацкае аздабленне, заўсёды дапускае пэўную долю дапушчэнняў».
Даследчык, які займаецца гісторыяй фартыфікацыяў, Мікола Волкаў лічыць, што ў Беларусі наўпрост няма спецыялістаў, якія б кваліфікавана займаліся тэмай аздаблення замкаў той эпохі. Самі ж малюнкі – партрэты старадаўніх рымскіх манархаў, да якіх дадалі Баторыя – наўпрост запазычаная з аздаблення замку Красіцкіх у Красічыне (Польшча).
«Выглядаюць выявы прыгожа, нічога не скажаш, – тлумачыць Волкаў, – Іншая справа, што брамная вежа, паводле «Хронікі Хашкоўскага», не была дабудавана пры жыцці самога Баторыя: увесну 1586 году яе толькі пачалі ўзводзіць, а ў канцы году кароль памёр. Як вядома, трон дастаўся дынастыі Вазаў, якія шанавалі сваіх папярэднікаў – Ягелонаў. А вось ці шанавалі адпаведным чынам Баторыя і ці маглі змясціць на вежы ягоны партрэт – зусім невядома. Звестак такіх няма. Пры самім жа Баторыі ніякіх зграфіта на гэтай вежы, з ягоным партрэтам або без, наагул не паспелі зрабіць».
Больш за тое, Волкаў ставіць пад пытанне існаванне трэцяга паверху брамнай вежы ў прынцыпе. Маўляў, на адным з нямецкамоўных планаў XVIII ст. напісана, што яна мела «два паверхі». Польскія даследчыкі міжваеннага часу ўжо ў ХХ ст. прачыталі інвентар па свойму, бо ў Польшчы нумерацыя паверхаў ідзе ад нулю. Такім чынам, архітэктар Уладзімір Бачкоў наўпрост паўтарыў «польскую» трактоўку, дабудаваўшы на браме яшчэ адзін паверх, а зараз – яшчэ і прыкрасіўшы яго прыгожымі зграфіта.
«На другім паверсе месцілася капліца, – працягвае Волкаў, – Можна нават лагічна задумацца, ці мог над капліцай быць яшчэ нейкі паверх, зыходзячы з правілаў сакральнай архітэктуры? «У «Хроніцы Хашкоўскага» капліца названая «касцёлам», што паказвае на яе вялікае значэнне. Гэта значыць, што яе планавалі асвяціць. У такім выпадку, над сакральным будынкам не магло быць нікай іншай надбудовы, апроч даху. Што тычыцца зграфіта, паўтаруся: гэта міла і прыгожа. Але што рабіць, калі ўсё гэта выявіцца суцэльнай фантазіяй?»
АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu