На менскім заводзе «Пеленг» ад каронавіруса памёр працаўнік. Прадпрыемства закрылі да 10 траўня


Навуковец Анатоль Т. памёр ад пнеўманіі, выкліканай каронавірусам. Працаўнікам заводу разаслалі паведамленне, што «Пеленг» закрыты з 25 красавіка да 10 траўня. Як паведамілі «Белсату» работнікі прадпрыемства, гэты час трэба будзе адпрацаваць у суботы.

Адміністрацыя прадпрыемства заклікае працаўнікоў быць свядомымі ды дбаць аб сваім здароўі. Частку работнікаў перавялі на дыстанцыйную працу, а на прадпрыемстве праводзяць дадатковую дэзынфекцыю.

«Ад паводзінаў кожнага залежыць здароўе іншых людзей і стан прадпрыемства. Прытрымлівайцеся рэжыму сацыяльнай ізаляцыі, устрымлівайцеся ад наведвання месцаў масавага збору людзей», – заклікае адміністрацыя «Пеленгу»

Кіраўніцтва просіць паведамляць, калі нехта з работнікаў стаў кантактам 1-га ці 2-га ўзроўню, надзяваць маску ды пальчаткі пры наведванні крамаў і аптэк.

Навуковец Анатоль Т., які працаваў на «Пеленгу» начальнікам аддзелу аптычных сістэмаў, больш за тры тыдні ляжаў у шпіталі з пнеўманіяй. 8 красавіка мужчыну падключылі да ШВЛ, але ўратаваць не здолелі – ён памёр 27 красавіка. Сваякі расказалі «Нашай ніве», што ў мужчыны быў станоўчы тэст на каронавірус.

Завод «Пеленг» уваходзіць у склад вайскова-прамысловага камітэту Беларусі. Асноўная спецыялізацыя – стварэнне аптычнай і оптаэлектроннай прадукцыі рознага прызначэння.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў