22 лютага «Лінія Сталіна» правяла святочную імпрэзу з нагоды Дня абаронцы айчыны і 76-х угодкаў бітвы за Рагачоў і Жлобін.
У першай палове дня наведнікі гісторыка-культурніцкага комплексу пад Менскам маглі паглядзець на рэканструкцыю «Рагачоўскай аперацыі» з удзелам баявой тэхнікі.
Паралельна з асноўнай праграмай імпрэзы на «Лініі Сталіна» працавалі інтэрактыўныя зоны, дзе госці маглі ўзяць удзел у гістарычнай віктарыне, пастраляць з пнеўматычных пісталетаў і навучыцца збіраць і разбіраць зброю.
Імпрэзу на «Лініі Сталіна» правялі пры падтрыманні Міністэрства абароны.
А 16-й гадзіне на «Лініі Сталіна» распачалася інсцэнізацыя «Афганскай вайны». Комплекс традыцыйна не абмяжоўваецца імпрэзамі, прысвечанымі толькі Другой сусветнай вайне: праз месяц там пройдзе гістарычная рэканструкцыя, прысвечаная Першай сусветнай, на красавік запланаваны «Біятлон» на танках Т-72, а на снежань – адкрыццё ваеннай рэзідэнцыі Каляднага дзеда.
ДД belsat.eu