На акцыю салідарнасці ў Варшаве прыехаў Валер Цапкала


Акцыя салідарнасці прайшла каля амбасады Беларусі ў польскай сталіцы вечарам 7 жніўня.

У пятніцу, 7 жніўня, а 19:00 па мясцовым часе (20:00 па Беларусі) распачалася акцыя салідарнасці ў Варшаве побач з беларускай амбасадай. Акцыю анансаваў у сацыяльных сетках Валер Цапкала.

Прыйшло каля 300 людзей. Яны крычалі «Верым, можам, пераможам!» Таксама на акцыі прысутнічаў перакладчык, які перакладаў ўсё на польскую мову. З большага прамовы былі па-польску, каб было зразумела польскім медыям і звычайным палякам, якія апынуліся побач.

Фота: Belsat.eu

На пікет мусіў прыйсці Шымон Галоўня, былы кандыдат у прэзідэнты Польшчы. Але ён запісаў відэа, дзе сказаў:

«Свабода, годнасць і павага да правоў чалавека аднолькава важныя для палякаў. Мы падтрымліваем справу, за якую вы змагаецеся».

Фота: Belsat.eu

Алесь Зарэмбюк, кіраўнік Беларускага дому ў Варшаве:

«У Еўропе і ЗША ўсе думалі, што Беларусь спіць і не прачнецца. Але мы прачнуліся і паказалі, што не хочам гэтага прэзідэнта. Мы хочам жыць як у Польшчы і мець магчымасць абіраць нашага прэзідэнта кожныя 5 гадоў».

Спадар Зарэмбюк распавёў, што ініцыятарам акцыі быў Шымон Галоўня.

Фота: Belsat.eu

Людзі распавядаюць, што прыйшлі да амбасады, каб выказаць свае правы на галасаванне.– Я прышла без 2 хвілінаў сем вечара. І мяне не пусцілі. кажуць, што не паспею. Тыя, хто прагаласаваў ужо, распавядаюць, што на аднаго чалавека сыходзіць прыкладна 10 хвілінаў.

А 19:23 па мясцовым часе да амбасады прыехаў Валер Цапкала.

Валер Цапкала каля беларускай амбсады.
Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Валер Цапкала патлумачыў, што трапіў у Варшаву па беларускім пашпарце і не мусіць адбываць каранцін.

– Гэта можа зрабіць кожны чалавек – напісаць запыт у эпідэміялагічную службу, каб не адбываць каранцін. Яны разгледзелі мой запыт і дазволілі, – патлумачыў Валер Цапкала.

Валеру Цапкале не далі слова арганізатары, таму што позна даведаліся, што ён тут будзе, а праграма ўжо была запланаваная. Belsat.eu пагутарыў са сападаром Цапкалам.

– З кім у Варшаве вы сёння паспелі сустрэцца? І як доўга вы тут застанецеся?

– Дакладна да нядзелі. А сустракацца буду пакуль толькі са СМІ.

Фота: Belsat.eu

– Якія ў вас планы на нядзелю?

– Я пакуль яшчэ не ведаю, дзе я буду знаходзіцца. Ці я буду ў Літве, або ў Кіеве. Пакуль яшчэ не вырашыў, заўтра будзе зразумела.

– У Варшаве плануеце сустракацца з якімі-небудзь палітыкамі або грамадскімі дзеячамі?

– На самай справе я ні дзе – ні ў Расеі, ні ва Украіне – не сустракаўся ні з якімі дзяржаўнымі дзеячамі. Таму што я разумею, што ў іх ёсць пэўныя абавязкі ў дачыненні да гэтай улады. І для таго, каб не ставіць іх у няёмкае становішча, я нават не запытваў ніякіх сустрэч. Але я сустракаўся з беларускай дыяспарай у Маскве, сустракаўся з беларускай дыяспарай ва Украіне. І сапраўды ўнікальны феномен можна тут назіраць, што, калі традыцыйная беларуская дыяспара ў ЗША, у Заходняй Еўропе заўсёды была настроена супраць Лукашэнкі, то цяпер нават на постсавецкай прасторы яны сталі адназначна негатыўна да яго ставіцца. Таму што мы бачым тое беззаконне, якое дзеецца ў Беларусі, калі няма нават бачнасці працы дэмакратычных інстытутаў, бачнасці выканання Канстытуцыі, законаў. Натуральна, што ў людзей XXI стагоддзя, у якіх фармуецца прававое мысленне, абсалютна непрымальна тое, што адбываецца цяпер у нашай краіне.

Фота: Belsat.eu

– Які сэнс у вашым міжнародным турнэ, калі вы не сустракаецеся з палітыкамі, з людзьмі, якія могуць прымаць рашэнні? Чаго вы дамагаецеся?

– Па-першае, вядома, гэта сустрэча з грамадскасцю. Па-другое, гэта сустрэча з беларускай дыяспарай. Па-трэцяе, мы ў Кіеве цяпер стварылі фонд па дапамозе тым беларусам, якія выступяць не супраць Лукашэнкі, а паступяць у адпаведнасці з сумленнем і ў адпаведнасці з законам. Гэта, вядома, перш за ўсё датычна настаўнікаў, розных работнікаў дзяржаўных органаў, якія традыцыйна лічаць галасы так, як гэта трэба ўладзе. Мы чакаем, што на ўзроўні, дзе праводзяцца масавыя фальсіфікацыі, людзі ўстануць… Вось як учора гэтыя два выдатных хлопца ўзялі ўключылі Цоя, надзелі белыя павязкі і прадэманстравалі тое, што можна знаходзіцца ўнутры гэтай сістэмы і праявіць характар, праявіць волю, паступіць у адпаведнасці з сумленнем. Але мы выдатна разумеем, што такім людзям патрэбна будзе дапамога (…).

Фота: Belsat.eu

Валер Цапкала кажа, што разумее людзей, якія працуюць у дзяржапараце – яны хвалююцца за тое, што не маюць нейкай сацыяльнай небяспекі.

– Але глядзіце, што было ў Лідзе: лекар хуткай дапамогі паступіў у адпаведнасці з сумленнем, яго звольнілі і людзі сабралі яму за некалькі гадзін столькі грошай, колькі ён за год не збірае.

Валер Цапкала распавёў, што грошы плануецца збіраць на такую дапамогу шляхам краўдфандынга.

Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

Нагадаем, Валер Цапкала спрабаваў стаць кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, але ЦВК падлічыў сабраныя галасы і вырашыў, што шматлікія з іх не адпавядаць рэчаіснасці. У выніку ЦВК адмовіла Валеру Цапкале ў рэгістрацыі яго кандыдатам. Валер Цапкала пакінуў Беларусь разам з дзецьмі, бо баяўся за свой лёс і лёс дзяцей. Вераніка Цапкала (жонка) уваходзіць у штаб кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

ВЯ Belsat.eu

Стужка навінаў