На 13 содняў арыштавалі журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ў Магілёве


30 верасня суд Ленінскага раёну Магілёва пакараў журналіста Уладзіміра Лапцэвіча 13 соднямі адміністрацыйнага арышту. Журналіста затрымалі на маршы 27 верасня, але судзілі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 верасня.

Да суда Лапцэвіч правёў трое содняў у ізалятары часовага ўтрымання. І на суд яго не прывезлі – справу разглядалі праз Скайп.

Уладзімір Лапцэвіч.
Фота: Belsat.eu

Як стала вядома ад самога Лапцэвіча падчас працэсу, яшчэ ў Ленінскім РАУС яму адмовіліся даць абаронцу і не патлумачылі ягоных правоў, што ён і адзначыў у пратаколе.

На судзе Уладзімір Лапцэвіч заявіў некалькі хадайніцтваў – аб выкліку сведкі і папрасіў, каб яму далі азнаёміцца з матэрыяламі справы. Але суддзя Наталля Панасенка адхіліла гэтыя хадайніцтвы.

Фота: «Белсат»

У якасці доказаў віны Лапцэвіча супрацоўнікі міліцыі прадставілі кароткае відэа – каля 5 секундаў. Запіс быў зроблены 23 верасня, і на ім дакладна відаць, што журналіст не ў калоне пратэстоўцаў, ён ідзе на адлегласці. Нягледзячы на гэта ў пратаколе адміністрацыйнага правапарушэння ў Лапцэвіча запісана, што ён ішоў менавіта ў калоне, у якой людзі выкрыквалі лозунгі ды махалі рукамі. Лапцэвіч звярнуў увагу на некарэктную фармулёўку, якая можа ўказваць і на тое, што ён сам выкрыкваў лозунгі ды махаў рукамі.

З пратаколам Лапцэвіч катэгарычна не пагадзіўся і віны сваёй не прызнаў. З ягоных словаў, ён рухаўся на адлегласці ад калоны і быў на акцыі як журналіст.

Як стала вядома на судзе, тэлефон Лапцэвіча арыштавалі, але ў справе адпаведных дакументаў не выявілася.

Hавiны
«Ударылі па галаве, селі на плечы». Сёння з больніцы выходзіць магілёвец, які пацярпеў на нядзельным маршы
2020.09.30 11:20

Уладзімір Шанцаў, пры якім затрымалі Лапцэвіча 27 верасня, сцвярджае, што ў пратаколе таксама няправільна пазначаны час затрымання: замест 14:00 напісана 15:00. На патрабаванне Лапцэвіча гэтая інфармацыя была занесеная ў матэрыялы справы, але ж тэрмін адміністрацыйнага арышту ў яго ўсё роўна будзе адлічвацца ад 15:00.

Для Уладзіміра Лапцэвіча гэта ўжо не першыя содні арышту. 7 жніўня Ленінскі суд даваў Лапцэвічу 7 содняў за непадпарадкаванне міліцыі. Той прысуд Лапцэвіч назваў незаконным і на знак пратэсту ўсе 7 содняў галадаваў.

Акрамя Лапцэвіча 30 верасня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях судзяць яшчэ каля дзясятку магілёўцаў.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў