Афіцыйны партнёр амерыканскага вытворцы ў нашай краіне распавёў карэспандэнту «Белсату», што пакуль невядомая ані цана на новыя мадэлі тэлефонаў у Беларусі, ані прыкладныя датаў, калі яны паступяць у продаж.
«Гэта будзе няхутка, – распавялі нам па тэлефоне. – Беларусь адносіцца да краінаў трэцяй або чацвёртай хвалі, таму наўрад ці мы даведаемся нешта на гэтым тыдні і нават наўрад ці – у гэтым месяцы».
Паводле партнёра кампаніі, кошты на новыя тэлефоны будуць гэткія ж самыя, як, напрыклад, у буйных гандлёвых сетках, якія прадаюць электроніку.
«У гэтым сэнсе мы прытрымліваемся палітыкі кампаніі – «адзін рэгіён – адзін кошт», – дадалі ў краме.
10 верасня кампанія «Apple» прадставіла тры новыя мадэлі «iPhone» – «11», «11 Pro» і «11 Pro Max». Асноўная камера «iPhone 11» мае два аб’ектывы, адзін з якіх – шырокавугольны. Асноўныя камеры «11 Pro» і «11 Pro Max» маюць па тры аб’ектывы.
Паводле стваральнікаў, у новых мадэляў – самы хуткі працэсар сярод тэлефонаў – A13 Bionic.
Кошты на «iPhone 11» у Штатах пачынаюцца ад $ 699, «11 Pro» – ад $ 999, «11 Pro Max» – ад $ 1099.
Перадзамовы ад амерыканскіх пакупнікоў «Apple» пачне прымаць 13 верасня.
ДД belsat.eu