Місія МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы развіцця нацыянальнай інфраструктуры ядравай энергетыкі па выніках сваёй працы дала ўладам Беларусі сем агульных рэкамендацыяў. Пра гэта паведаміў намеснік гендырэктара агенцтва Міхаіл Чудакоў, піша «Інтэрфакс-Захад».
Намеснік гендырэктара МАГАТЭ Міхаіл Чудакоў 4 сакавіка сустрэўся з прэмʼер-міністрам Беларусі Сяргеем Румасам.
«Першы блок АЭС практычна гатовы да пуску, – канстатаваў прадстаўнік агенцтва падчас сустрэчы, – Знаходзіцца ў добрым стане, што і пацвярджае наша інфраструктурная праверка, якая выдала сем рэкамендацыяў агульнага плана па краіне і пяць станоўчых вопытаў, якія іншыя краіны маглі б выкарыстоўваць у сябе».
Пра змест рэкамендацыяў нічога не паведамляецца.
Чудакоў адзначыў актыўную супрацу Беларусі з МАГАТЭ. «Мы ставім у прыклад нашыя ўзаемаадносіны з Беларуссю», – адзначыў прадстаўнік агенцтва, звярнуўшы ўвагу, што дзяржава запрашае ўсе місіі МАГАТЭ, нягледзячы на тое, што яны не зʼяўляюцца абавязковымі.
Чудакоў заявіў, што ў МАГАТЭ няма «нейкіх тэхнічных прэтэнзіяў да атамнай станцыі», піша БелТА. «Беларусь выконвае ўсе патрабаванні МАГАТЭ», – падкрэсліў ён.
Паводле прэс-службы ўраду, Румас падкрэсліў, што абсалютным прыярытэтам праекту па будаўніцтву БелАЭС застаецца забеспячэнне бяспекі станцыі.
«Прынцыповым для нас момантам з’яўляецца няўхільнае выкананне ўсіх міжнародных абавязкаў у ядравай сферы і прытрымліванне ўсім стандартам і рэкамендацыям МАГАТЭ. Вынікі ацэначных місіяў МАГАТЭ зʼяўляюцца для нас важным арыенцірам у працы», – дадаў прэмʼер.
ІІ belsat.eu