Міністр аховы здароўя распавёў пра захады медыкаў пасля выяўлення першага выпадку каронавірусу ў Беларусі


Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў, што першы выпадак каронавірусу ў Беларусі быў зарэгістраваны ўначы. Адразу ж пасля гэтага была сабраная нарада ў Міністэрстве, паведамляе «ОНТ».

Першы зарэгістраваны выпадак каронавірусу ў Беларусі выявілі ў Іранскага студэнта, які прыляцеў у Беларусь з Баку. Вынікі аналізаў медыкі атрымалі 26 лютага.

«У першым выпадку з каронавірусам нараду сабралі ў Міністэрстве аховы здароўя ў 3 гадзіны ночы. Адпаведна, мы павінны мець рэзервовы фонд ложкаў для таго, каб не дапусціць перасячэння плыняў пацыентаў з падазрэннем на інфекцыю і з іншымі захворваннямі. Таму і ствараюцца меры прафілактыкі. Чым лепш мы будзем гатовыя прафілактычна, тым меней шанцаў, што гэтыя ложкі нам усім спатрэбяцца. На сённяшні дзень яны нам не патрэбныя», – распавёў Уладзімір Каранік.

Паводле міністра аховы здароўя, рызыка цяжкіх формаў каронавірусу ў Беларусі невысокая. Уладзімір Каранік лічыць, што ў Беларусі, у параўнанні з іншымі краінамі, існуе шэраг перавагаў. У прыватнасці, дзякуючы вылучанай у асобную структуру санітарна-эпідэміялагічнай службе, якая «ладзіць санітарна-эпідэміялагічныя расследаванні, кантралюе распаўсюд інфекцыі і робіць лабараторную дыягностыку», а таксама наяўнасць інфекцыйных шпіталяў.

Як адзначыў Каранік, у большасці краінаў няма такога паняцця, як інфекцыйны шпіталь. Гэта азначае, што калі захворванне прымае сур’ёзную форму, хворыя трапляюць у звычайныя больніцы, і, як правіла, у рэанімацыйнае аддзяленне.

6 сакавіка Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што «празмерна актыўны пошук журналістамі і блогерамі людзей, якія знаходзяцца ў медычных установах, якія кантактавалі з хворымі, проста вярнуліся з краін з неспрыяльнай сітуацыяй адносна віруса COVID-19, вядзе да таго, што яны, баючыся публічнай агалоскі, утойваюць вельмі важную сёння інфармацыю, пазбягаюць своечасовага звароту да медычных працаўнікоў».

Hавiны
У Беларусі вылечылі першага пацыента з каронавірусам
2020.03.07 18:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў