Беларускія фабрыкі бялізны пачалі выпускаць маскі пасля загаду Лукашэнкі вырашыць праблему недахопу гэтых ахоўных сродкаў у аптэках.
«Мы шыем ахоўныя, а не медычныя маскі. Медычныя маскі павінны праходзяць адпаведнае апрабаванне і сертыфікацыю медычных установаў. Гэта вялікая розніца», – патлумачылі «Белсату» у аддзеле маркетынгу прадпрыемства.
Маскі ад «Мілавіцы», якія нагадваюць элементы бюстгальтару – аднаго з профільных тавараў фабрыкі – можна пабачыць на здымку з «Фэйсбуку», які 13 красавіка апублікавала агенцтва «Минск-Новости».
Паводле спадарыні Інгі, фатаграфія была зробленая ў пераходзе гандлёвага цэнтру «Сталіца» у Менску.
«З’явіліся маскі ад «Мілавіцы». Яны сапраўды існуюць. Па 1,4 рублі за штуку, – напісала Інга. – Склад: 64% бавоўна, 36% паліэстар. Можна купіць дзве і пасля эпідэміі дапрацаваць».
У той жа дзень яшчэ некалькі здымкаў масак ад беларускіх прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга».
7 красавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з урадам аб гатовасці сістэмы аховы здароўя да пагрозы каронавірусу загадаў вырашыць праблему недахопу масак у аптэках у самыя сціслыя тэрміны, звярнуўшы ўвагу, што многія беларусы праз адсутнасць масак у аптэках вымушаныя «закрывацца шалікамі».
«Гэта бязладдзе, што мы чагосьці не можам зрабіць. Слухайце, маску гэтую няшчасную не можам пашыць. Гэта недапушчальна», – заявіў Лукашэнка.
Кіраўнік краіны паставіў перад урадам задачу вырашыць праблему да панядзелка, 13 красавіка.
ДД belsat.eu