Сотні метраў чаргі ды гадзіны чакання. У Менску збіралі подпісы патэнцыйныя кандыдаты на прэзідэнцтва. ВІДЭА


Лідар незарэгістраванай партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч у нядзелю 24 траўня каля Камароўскага рынку ў Менску праводзіць мітынг. Акцыя праходзіць у межах выбарчай кампаніі, падчас якой прэтэндэнты ў кандыдаты на прэзідэнцтва могуць збіраць подпісы на вуліцах.

16:00 Пікет па зборы подпісаў завершаны. Мы завяршаем наш онлайн, дзякуй, што былі з намі.

15:30 Каля рынку з’явіліся прадстаўнікі патэнцыйнага кандыдата Віктара Бабарыкі. Некалькі чалавек сталі ў чаргу, каб аддаць свае галасы за вылучэнне яго кандыдатам на прэзідэнцтва.

Працуе і ініцыятыўная група Валерыя Цапкалы.

Чарга ахвочых аддаць подпіс за патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

13:50 Сярод тых, хто прыйшоў паставіць свой подпіс, пераважная большасць людзей у масках. Іх заклікаюць трымаць дыстанцыю.

13:20 Сяргей Ціханоўскі адзначыў, што яму і шмат каму з ініцыятыўнай групы ягонай жонкі Святланы, не выдавалі дакументы сябра ІГ да 23 траўня, выдаўшы іх сама позна ў параўнанні з іншымі прэтэндэнтамі.

Сяргей Ціханоўскі на акцыі 24 траўня.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

13:15 Сяргей Ціханоўскі заявіў, што Беларусь павінна быць суверэннай і незалежнай краінай, якая павінна сябраваць з усімі сваімі суседзямі. Паводле яго, прарасейскім кандыдатам у Беларусі з’яўляецца дзейны кіраўнік. Блогер таксама адзначыў, што ў яго ёсць сумневы і адносна некаторых іншых прэтэндэнтаў.

13:10 Сяргей Ціханоўскі адзначыў, што пакуль не трэба казаць пра тое, што можа падзяліць беларусаў (мова, сцяг і г.д.). Гэта, паводле яго, павінен пасля вырашаць парламент. Пакуль жа, заявіў блогер, зараз галоўная мэта – змяніць уладу.

Збор подпісаў для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

13:00 «Сумленныя выбары – гэта калі кандыдат Л. не ўдзельнічае, а баршчаварка – не лічыць», – заявіў Сяргей Ціханоўскі.

Ён заклікаў людзей быць назіральнікамі, але не ўдзельнічаць у галасаванні. Паводле яго, беларусы павінны пазбавіцца ад страху, бо перамены Беларусі ўжо патрэбныя сёлета, сказаў ён.

Сяргей Ціханоўскі размаўляе з карэспандэнтам «Белсату» Галінай Абакунчык.
Фота: «Белсат»

12:50 У панядзелак, 25 траўня, Сяргей Ціханоўскі збіраецца ў Слуцк, дзе затрыманыя сябры ініцыятыўнай групы ягонай жонкі. Паводле яго, яго самога чакае яшчэ каля 20 пратаколаў за сустрэчы ў розных гарадах Беларусі.

Ён мяркуе, што яго затрымаюць зноў напярэдадні дня выбараў, каб ён не змог праводзіць акцыі пратэсту. Пакуль блогер збіраецца наведваць іншыя гарады Беларусі, заявіў ён у каментары belsat.eu.

12:45 Некаторыя з удзельнікаў акцыі ўзялі з сабой тапкі і дыхлафос як сімвал кампаніі «Стоп таракан». Чарга, каб паставіць подпісы, стаіць ад уваходу на Камароўскі рынак да ўваходу на станцыю метро «Плошча Якуба Коласа». Прыход відэаблогера Сяргея Ціханоўскага людзі сустрэлі апладысментамі. Ён заявіў, што не чакаў такой падтрымкі ад людзей.

Сваю нерэгістрацыю і затрыманне блогер патлумачыў тым, «што ўлада баіцца, міліцыянеры баяцца – яны ўсе баяцца».

«Беларусы, нас прыкладна 9 млн прыкладна. Але адзін чалавек трымае нас у страху. Давайце памяняем ужо гэта. Стоп таракан!» – заявіў Сяргей Ціханоўскі.

Мітынг каля Камароўскага рынку ў Менску. Сотні людзей падпісваюцца за рэгістрацыю Святланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

12:30 Да стала, за якім збіраюць подпісы за жонку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага Святлану, расцягнулася аграмадная чарга. Каб паставіць подпісы, людзі прыехалі з іншых гарадоў. Пры гэтым шмат хто не верыць у справядлівасць выбараў і заяўляе пра неабходнасць зменаў.

Мітынг каля Камароўскага рынку ў Менску. Сотні людзей падпісваюцца за рэгістрацыю Святланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

12:25 «Кандыдатка пратэсту» Вераніка Мішчанка, якой адмовілі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, адзначыла, што падзеі ў Беларусі ўжо назвалі «тапкавай рэвалюцыяй». Яна адзначыла, што сёлетнія выбары трэба ператварыць у фарс.

12:20 Мікалай Статкевіч заклікаў у панядзелак, 24 траўня, прыйсці ў Вярхоўны суд, які будзе абскарджваць нерэгістрацыю ягонай ініцыятыўнай групы.

12:15 Да акцыі далучылася сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і таксама патэнцыйны кандыдат Вольга Кавалькова. Яна заклікала ўдзельнікаў акцыі ўзняць рукі тым, хто выступае за сыход Аляксандра Лукашэнкі.

«Немагчыма трываць тую дыктатуру, якую мы бачым кожны дзень», – заявіла палітык.

Вольга Кавалькова падчас выступу на мітынгу.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

12:10 «Кандыдат пратэсту» Уладзімір Няпомняшчых у сваім выступе заклікаў людзей не хадзіць на выбарчыя ўчасткі, а ў выпадку фальсіфікацыяў выйсці на Плошчу. Аляксандра Лукашэнку ён прапанаваў прызначыць капітанам ці трэнерам каманды па хакеі – «як ён хоча».

«Лукашэнка дамогся свайго, каб за яго прагаласавалі пенсіянеры. Зараз яму пенсіянеры не патрэбныя. Ён хоча, каб іх было як мага менш», – заявіў ён.

Уладзімір Няпомняшчых.
Фота: «Белсат»

12:00 Мікола Статкевіч заявіў, што мэта акцыі – абмеркаваць, што рабіць беларускаму народу, які «загналі на край бездані».

11:55 На акцыі прысутнічае відэаблогер Сяргей Ціханоўскі – муж прэтэндэнткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.

Удзельнікі акцыі крычаць «Жыве Беларусь!» і патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі.

«Ён дастаў ужо», – кажа ўдзельніца акцыі з Бабруйску.

Паводле палітыка Мікалая Статкевіча, першая акцыя ўжо адбылася. 21 траўня каля Камароўскага рынку: прэтэндэнт у кандыдаты Уладзімір Няпомняшчых зладзіў першы мітынг.

Акцыя з удзелам прэтэндэнтаў на кадыдата пачалася 24 траўня а 12:00 каля Камароўскага рынку.

«Цяпер у беларусаў болей чым дастаткова нагодаў для пратэсту. Людзі зразумелі, што змяніць сітуацыю праз удзел у галасаванні проста немагчыма. Цяпер волевыяўленне народу масава фальсіфікуецца, таму застаецца адзіная магчымасць у тым, каб выказаць сваю нязгоду з існай сітуацыяй – выходзіць на масавыя мерапрымствы. Улады зразумеюць толькі масавы пратэст. Акрамя таго, улады вымушаныя дазваляць людзям падчас выбарчай кампаніі выказваць грамадзянам сваю нязгоду», – распавёў «Белсату» Мікалай Статкевіч.

Аб’ектыў
Палітолаг Сяргей Нікалюк: подпісы ў першую чаргу збярэ той, каму дазволіць улада
2020.05.21 22:39

СК belsat.eu

Стужка навінаў