У міжнароднай канферэнцыі па бяспецы, якая пройдзе ў Менску 31 кастрычніка – 1 лістапада, прыме ўдзел прэзідэнт Рэспублікі Косава Хашым Тачы.
У Менск ён быў запрошаны нямецкім дыпламатам Вольфгангам Ішынгерам, які ачольвае штогадовую Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы. Сёлета канферэнцыя ўпершыню адбудзецца ў беларускай сталіцы.
«Чакаю майго першага візіту ў Беларусь… Працэсы прымірэння і міру ў Еўропе могуць умацоўваць адзін аднаго плюс садзейнічаць міру на нашым кантыненце. Усё ў Косава прысвечана прасоўванню наперад на нашым шляху Еўразвяз – Атлантыка», – напісаў Тачы ў сваім Twitter.
Паводле TUT.by, МЗС Беларусі пазначыла Тачы ў спісах удзельнікаў канферэнцыі як «палітычнага дзеяча Косава».
Чакаецца, што ў канферэнцыі прымуць удзел больш за 70 высокапастаўленых асобаў. У тым ліку Аляксандр Лукашэнка, еўракамісар Ёганэс Ган, генеральны сакратар АБСЭ Томас Грэмінгер, прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка, прэм’ер Сербіі Ана Бырнабіч, прэмʼер Малдовы Павел Філіп ды іншыя.
ІІ, belsat.eu