У Facebook з’явіўся зварот медсястры з Нью-Ёрку. Жанчына распавядае падрабязнасці эпідэміі і кажа: усё вельмі сур’ёзна.
Мяне завуць Лія Ільяс. Я працую медсястрой у адным са шпіталяў Нью-Ёрку. Сёння я выйшла на сувязь, каб распавесці, што адбываецца ў больніцы – каб людзі ведалі і былі гатовыя ды, магчыма, зрабілі захады, каб спыніць гэты працэс ці прынамсі не зрабіць яго яшчэ больш катастрафічным.
Рэч у тым, што яшчэ два тыдні таму да нас траплялі людзі з падазрэннем на каронавірус, у нас былі пакоі для ізаляцыі. Цяпер гэта проста катастрофа: 90 % хворых маюць цяжкія формы хваробы. Каронавірус знішчае людзей, пацыенты не могуць дыхаць, вялікая колькасць хворых мае патрэбу ў кіслароднай дапамозе, шмат хто застаецца на апаратах вентыляцыі лёгкіх, якіх у нас недастаткова, не стае інструментаў і матэрыялаў, каб у патрэбнай колькасці падаваць кісларод. Паводле стандартаў паміж ложкамі мусіць быць адлегласць, таму ў сценках убудаваная пэўная колькасць кіслародных прыстасаванняў, якія дапамагаюць дыхаць, але гэтага не хапае. Ложкі стаяць адзін пры адным. Людзям, якім трэба 100-адсоткавае кіслароднае лекаванне, падлучаныя да сценак, дзе ёсць кіслародныя ўваходы. Іншыя пацыенты атрымліваюць праз трубкі ў носе кісларод з пераносных каністраў, які хутка заканчваецца. Праз кожныя некалькі гадзін гэтыя каністры трэба мяняць.
Шпіталі перапоўненыя. Людзі, якія прыходзяць з іншымі праблемамі, перабываюць побач з інфікаванымі. Не стае масак. Сваякоў у шпіталь не пускаюць. Дапамогі ніякай ні ад каго няма. Усе дактары, медсёстры, санітары перагружаныя працай, не маюць магчымасці нават паесці ці схадзіць у прыбіральню. Хворыя ў цяжкім стане, ім патрэбная дапамога. Увесь час тэлефануюць сваякі, хвалююцца. Я прашу людзей зразумець гэтую сітуацыю. Цяпер усім вельмі складана, мы не маем магчымасці адказваць на званкі, старайцеся не тэлефанаваць. Пакуль я адказваю на званкі, камусьці ў гэты момант кепска.
Зразумейце, што ў шпіталь трэба звяртацца толькі ў складаных выпадках: калі вы не можаце дыхаць, высокая тэмпература, калі боль у грудзіне, калі нешта пільнае, як інсульт ці інфаркт, калі вы паміж жыццём і смерцю. Толькі тады прыходзьце ў шпіталь. Зараз хварэе шмат лекараў і медсёстраў!
І перастаньце хадзіць на імпрэзы! Людзі дагэтуль бавяцца на днях народзінаў ці вяселлях. Усё вельмі сур’ёзна! Калі будзе надта вялікая плынь хворых, якія не могуць дыхаць, у нас не будзе месца, куды іх класці, не будзе кіслароду, не будзе ставаць масак. Цяпер ужо іх немагчыма набыць. А гэта значыць, што вялікая колькасць людзей будзе паміраць.
Калі мы не перастанем гуляць і разносіць інфекцыю адно аднаму, людзі будуць моцна хварэць і паміраць! Тыя, у каго лёгкая форма, не забывайце, што вы можаце заразіць некага, хто будзе мець ускладненні. Трэба спыніць усё гэта! Проста сядзіце дома і нікуды не выходзьце! Перастаньце скардзіцца, што вам сумна і няма чаго рабіць. Людзі паміраюць!
Беражыце сябе! Любіце ўсіх!
ВС belsat.eu