У Магілёве цыганы сустрэліся з чыноўнікамі і кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай.
Учора ўвечары, 22 траўня, кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкаму запрасілі прадстаўнікоў цыганскай дыяспары прыйсці да іх на сустрэчу. Ужо сёння да чыноўнікаў прыехала каля 40 чалавек – жыхары мікрараёнаў Чапаеўка і Грабянёва.
Сустрэча адбылася ў будынку Магілёўскага Аблспажыўсаюза. З Менску на сустрэчу прыехала кіраўнічка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.
Цыганы сабралі подпісы пад калектыўным зваротам да прадстаўніка прэзідэнта па Магілёўскай вобласці, дзе апісалі сітуацыю: як да іх уламаўся АМАП, як іх збівалі і забіралі на содні. Але зварот гэты яны яшчэ не дасылалі.
Вядома, што не ўсе прадстаўнікі цыганскай дыяспары з двух вёсак пайшлі на сустрэчу з чыноўнікамі. Усе СМІ, якія спрабавалі трапіць на сустрэчу, не пусцілі – у тым ліку і дзяржаўныя медыі.
Сустрэча цягнулася гадзіну. Як стала вядома ад прадстаўнікоў цыганскай дыяспары, магілёўскія чыноўнікі папрасілі прабачэння ў цыганоў.
На сустрэчы таксама прысутнічаў кіраўнік Магілёўскага гарвыканкаму Уладзімір Цумараў, памочнік прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, кіраўнік Магілёўскага аблвыканкаму Леанід Заяц.
Як распавялі ўдзельнікі сустрэчы, на стале таксама стаялі таблічкі прэс-сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча – але іх не было, і таблічкі даволі хутка прыбралі.
Нагадаем, пасля гібелі лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча ў Магілёве сілавікі массава затрымлівалі цыганоў ў магілёўскіх раёнах Чапаеўка і Грабянёва. Некаторыя затрыманыя скардзіліся на збіццё і абразы з боку міліцыі. Версію пра датычнасць ромаў да смерці Патаповіча неўзабаве зняпраўдзілі.
Вольга Васільева belsat.eu