У медыях з’явіліся чуткі, што на месцы «Акіяну» можа з’явіцца крама сеткі «Віталюр», у сувязі з чым афармленне ўстановы могуць радыкальна змяніць. У інтэрнэце ўжо з’явілася петыцыя супраць рэдызайну. Але ў «Акіяне» навіну абвяргаюць.
Пра тое, што легендарны менскі ўніверсам «Акіян» плануюць закрыць, а на яго месцы будзе «Віталюр», паведаміў 31 снежня TUT.BY.
Хоць у краме пакуль нішто не кажа пра закрыццё, крыніцы выдання паведамляюць, што «Віталюр» з’явіцца на гэтым месцы дакладна, арандаваўшы памяшканне. Паводле TUT.BY, пра адкрыццё на месцы «Акіяну» крамы «Віталюр» казалі і прадаўцы ўніверсаму. Аднак у аддзеле гандлю Партызанскага раёну нічога пра гэтыя змены не ведаюць.
Між тым 31 снежня зачынілася закусачная «Дранікі вясковыя», якая арандавала памяшканне ў «Акіяну».
Пасля навінаў пра магчымае закрыццё ўніверсаму з’явілася петыцыя, у якой менчукі папрасілі гендырэктара «Віталюру» захаваць у краме металічнае дэкаратыўнае аздабленне, празванае «лускай». Зварот ужо падпісалі больш за 500.
«Упэўненыя, што яе [луску. – Рэд. Belsat.eu] можна найлепшым чынам ўпісаць і ў інтэр’ер сучаснага гандлёвага абʼекту. Верагодна, частку панэляў прыйдзецца замяніць праз механічныя пашкоджанні, але відавочна абсалютная большасць з іх знаходзіцца ў выдатным стане», – гаворыцца ў звароце.
Тым часам дырэктарка «Акіяну» ў каментары belsat.eu абвергла звесткі пра змену ўласніка і дызайну крамы.
«Усё застанецца на былым узроўні. Няма ніякага набыцця. Луска застанецца, і ўсё застанецца», – паведаміла дырэктарка крамы.
Атрымаць каментар у кіраўніцтва «Віталюру» на момант публікацыі артыкулу не атрымалася.
МГ belsat.eu