Аляксандр Лукашэнка падчас візіту на Аршанскі авіярамонтны завод заявіў пра тое, што прадпрыемства вяртаецца ва ўласнасць дзяржавы.
«Уласніка ўжо тут няма (гаворка аб акцыянерах ПАО «Мотор Січ» (Украіна) і ЗАТ «Сістэмы інвестыцыяў і інавацыяў» (Беларусь). Уласнікі – вы (дзяржаўныя арганізацыі). Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага заводу. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня», – заявіў Лукашэнка 11 ліпеня.
Як далажылі Аляксандру Лукашэнку, падрыхтаваны працэс вяртання заводу ва ўласнасць дзяржавы. Аднак ён выказаў шэраг нараканняў у адрас Міністэрства транспарту і камунікацый за тое, што яно і ў папярэдні перыяд самаўхілілася ад сітуацыі на гэтым прадпрыемстве. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў дадзеным выпадку адсутнасць ва ўласнасці дзяржавы акцыяў не магло служыць апраўданнем.
«Тут працуюць мае людзі, твае людзі – беларусы працуюць, расейцы – нашыя грамадзяне Беларусі. Якая розніца, каму належаць гэтыя акцыі. Гэта наша задача, каб людзі тут атрымлівалі нармальныя заробкі», – сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да міністра Анатоль Сівак.
Лукашэнка даручыў на працягу ліпеня вырашыць усе пытанні ў дачыненні да ведамаснай падпарадкаванасці прадпрыемства.
«Завод павінен працаваць, чаго б гэта ні каштавала. Заводу не толькі быць – гэты завод павінен мець перспектыву развіцця. І пакладзіце мне на стол архітэктурны праект і іншае з улікам таго, што тут робіць бізнес для пашырэння аэрапорту і гэтак далей, – заявіў ён. – Сядайце і вызначае. Не дай бог я яшчэ раз прыеду ў Воршу і будзе такая сітуацыя».
Лукашэнка не выключыў, што пэўная дапамога і падтрымка можа быць аказана прадпрыемству і з боку дзяржавы.
Нагадаем, у 2012 годзе па распараджэнні Лукашэнкі дзяржпакет акцыяў Аршанскага авіярамонтнага заводу купілі ўкраінская кампанія «Матор Січ», падкантрольная Вячаславу Багуслаеву (каля 60% акцый), і «Сістэмы інвестыцыяў і інавацый» Аляксандра Садовага (амаль 40%). Новыя ўласнікі планавалі маштабную інвестыцыйную праграму ў мэтах мадэрнізацыі заводу.
У другой палове 2017 года становішча заводу пагоршылася. Крызіс прадпрыемствы эксперты звязваюць з тым, што Аршанскі авіярамонтны завод арыентаваны на расейскі рынак, з якім ва ўмовах канфлікту Украіны і Расеі сталі ўзнікаць праблемы. На гэтым фоне ўзмацніліся чуткі пра тое, што завод будзе вернуты ва ўласнасць дзяржавы.
У красавіку 2018 года Вячаслаў Багуслаў прыляцеў у Воршу на сход акцыянераў прадпрыемства на прыватным самалёце. Аднак вярнуўся ва Украіну на звычайным рэйсавым – крыніцы TUT.by паведамлялі, што беларускія ўлады фактычна ўзялі самалёт у заклад ці ў якасці гарантыі, што Багуслаў вернецца ў Беларусь і аддасць свой пакет акцыяў дзяржаве. Таксама неафіцыйна паведамлялася, што Багуслаеў пагадзіўся на ўмовы беларускіх уладаў.
У траўні Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да былога гендырэктара заводу і службовых асоб ПАО «Матор Січ» з-за перавышэння службовых паўнамоцтваў.
ІІ, belsat.eu