Кіраўнік Беларусі 6 верасня ў Берасці аспрэчыў сыход краіны ад Расеі на Захад, але адначасова запатрабаваў ад Масквы «не гнабіць» Менск. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь ніколі здрадзіць Расеі. Аднак ён падкрэсліў важнасць, каб «яны [Расея. – Рэд. Belsat.eu] не гнабілі, не нахілялі нас, а ў цяжкую хвіліну падтрымалі».
Лукашэнка нагадаў, што цяпер бакі працуюць над паглыбленнем інтэграцыі. А замест гэтага расейскія ўлады «пачынаюць гандлявацца – прыродны газ, нафту і іншае».
«Мы ні ў каго нічога прасіць не будзем. Надакучыла ўжо гэтыя размовы весці, надакучыла слухаць», – адзначыў Лукашэнка.
Пры гэтым ён заявіў, што ў часы СССР, спадкаеміцай якога з’яўляецца Расея, Беларусь найбольш пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Таксама наша краіна адмовілася на карысць РФ ад ядравай зброі. Дый увогуле, падкрэсліў Лукашэнка, «беларусы душу сваю ўклалі ў развіццё той краіны, у тым ліку і Расеі».
«Але ты хоць бы за гэта (мы не просім грошай, нічога) дапамажы – мільярдаў 10-15 кубаметраў газу па прымальным цэнах. Не бясплатна, не ў страту Газпраму, пастаў у Беларусь. Людзі ж пацярпелі. І як спадкаемцы. Гэта я адзін факт прывёў», – дадаў кіраўнік краіны.
Раскрытыкаваў ён і будаўніцтва Расеяй Паўднёвага і Паўночнага патокаў для транспартавання прыроднага газу не праз Беларусі.
«Але толькі ці трэба гэта Расеі, каб на іх рынак прыйшло 20-25 млн.т. чужой нафты – амерыканскай, Саудаўскай Аравіі, яшчэ чыйсьці… Азербайджанская нафта – праз Украіну ў нас на Мазыр прапрацаваны гэты маршрут», – заявіў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Беларусь ужо распрацоўвае маршруты пастаўкі нафты і газу праз Польшчу і краіны Балтыі. У такім разе кіраўнік Беларусі прыгразіў забраць дзве ніткі нафтаправоду «Дружба», па якіх на экспарт ідзе расейская нафта.
Замест гэтага Лукашэнка прапанаваў Расеі дамаўляцца.
МГ belsat.eu