У цэнтры Менску адбыўся трэці народны сход, які арганізаваў Мікалай Статкевіч. Людзі пратэставалі супраць расейскай вайсковай базы, якую могуць размясціць пад Бабруйскам. Падчас акцыі было абвешчана аб стварэнні новага руху ў падтрыманне незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі.
«Лукашэнка гэта вайна» – новы лозунг, якім каротка можна апісаць змест усіх прамоваў. Мікола Статкевіч, Зміцер Дашкевіч і Франак Вячорка яшчэ ўчора выступалі ў Варшаве падчас «Салідарных з Беларуссю», а сёння прыйшлі на акцыю ў цэнтры Менску. Быў Аляксандр Мілінкевіч з Інай Кулей, Адам Глобус, Святлана Завадская, Павел Севярынец. Уладзімір Арлоў. Сёння ўдзельнікаў не было больш, чым мінулым разам – заклік прыводзіць знаёмых не спрацаваў, нягледзячы на выходны дзень і добрае надвор’е.
Бел-чырвона-белыя сцягі і сэлфі
У сацыяльных сетках заклікалі прыносіць больш нацыянальнай сімволікі – у выніку лунала з дзесяць бел-чырвона-белых сцягоў, некалькі еўразвязаўскіх і адзін вялікі «Маладога Фронту». Тут жа лідары МФ раздавалі запрашэнні на з’езд, які мае адбыцца 10-га кастрычніка. Мікола Дземідзенка быў з сынам, яго шмат фатаграфавалі.
Міма праходзіла шмат людзей, моладзь рабіла сэлфі на фоне сцягоў. Але выступоўцаў не слухалі, бо каб іх пачуць трэба было прабірацца ў натоўп.
«Адныя і тыя ж твары, што з аднаго боку, што з іншага» – наракаў адзін з удзельнікаў мітынгу, якога таксама смела можна запісаць у тыя ж «адныя твары». Мы размаўлялі на адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў, тут ужо не было чуваць выступоўцаў. Як і падчас мінулай акцыі, арганізатары не асабліва дбаюць пра гукаўзмацняльную апаратуру.
Наагул, размовы людзей на мітынгу – гэта нешта. Напрыклад, людзі ўсур’ёз размаўлялі пра Саюзную дзяржаву як пра саюз народаў, у якіх проста кепскія кіраўнікі. Тут жа фаталістычна чакалі другую Сірыю ў Беларусі, а маладыя людзі прагнулі новых лідараў апазіцыі – харызма Статкевіча ўжо не дзейнічае так, як гэта было два-тры тыдні таму.
Усіх запісалі ў новы Рух
Сёння прымалі рэзалюцыю, якую дашлюць беларускаму ўраду. Людзі падымалі рукі. Падняццем рук стварылі і новы рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». «Такія назвы – ужо хвароба», – кажа ўдзельнік мітынгу з паднятай рукой. Ён таксама спрычыніўся да стварэння новай сілы з «нездаровай» назвай. Тут жа абіралі і аргкамітэт, Някляеў зачытваў прозвішчы каардынатараў па абласцях, людзі не так актыўна, але падымалі рукі. Не ўсё было адзінагалосна, нехта ў натоўпе быў супраць, але яго запісалі ў правакатары. «Ён не хоча незалежнасці, ён за расейскія базы, не трэба слухаць правакатараў» – рэзюміраваў Някляеў.
Уладзіміра Някляева абралі старшынём, Мікола Статкевіч стварэнне руху падтрымаў. Хоць казаць пра тое, што «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі» паўстаў на вуліцы нельга. Уладзімір Някляеў абвесціў пра стварэнне руху яшчэ ў траўні, тады ж адбыўся ўстаноўчы сход. Як ні дзіўна, але тады былога кандыдата ў прэзідэнта таксама абралі старшынём.
Мэта новай сілы – абарона незалежнасці краіны, стваральнікі хочуць абстрагавацца ад адной палітычнай сілы і стварыць больш шырокі фронт барацьбы за Беларусь.
Наступная акцыя – 10 кастрычніка, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Магчыма, гэта будзе апошняе мерапрыемства такога фармату – што казаць пасля выбараў і ці будуць людзі гэта слухаць вялікае пытанне. Ці прагучыць праз тыдзень нешта новае і ці будзе іншы сцэнар – пакуль невядома. Але размоваў пра Плошчу і шматдзённы пратэст сёння не было.
Іван Шыла, belsat.eu