Беларускі Хельсінскі камітэт і праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікавалі звесткі пра фармаванне выбарчых камісіяў. Праваабаронцы падлічылі, што ў склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў патрапіла мінімальная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі.
Адметнасцю сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі з’яўляецца пандэмія каронавірусу, што паўплывала на працэс вылучэння прадстаўнікоў партыяў і грамадскіх аб’яднанняў і парадак правядзення пасяджэнняў органаў, якія фармавалі выбарчыя камісіі. Паседжанні сёлета ладзіліся з дапамогаю онлайн-трансляцыяў. Таму прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і назіральнікі ў большасці выпадкаў не змаглі патрапіць наўпрост на паседжанні органаў па ўтварэнні камісіяў.
У выніку, адзначаюць праваабаронцы, у параўнанні з папярэднімі прэзідэнцкімі выбарамі, колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў у камісіях зменшылася ў 15 разоў.
«Гэта сведчыць пра захаванне дыскрымінацыйных падыходаў пры фармаванні складу выбарчых камісіяў», – лічаць правабаронцы.
Прэзідэнцкія выбары адбудуцца 9 жніўня. ЦВК зарэгістравала 15 ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатаў на прэзідэнцтва.
СК belsat.eu