У Горадні ля дзіцячага садку затрымалі эксгібіцыяніста, які чапляўся да малых дзяцей. Мужчына аказаўся рэцыдывістам.
Інцыдэнт здарыўся 12 верасня, паведамілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.
Мужчына хаваўся за кустамі, кідаў у дзяцей шышкі, а калі тыя падыходзілі, паказваў ім палавы орган і рабіў непрыстойныя маніпуляцыі рукамі. Апроч дзяцей, яго пабачыла і жанчына, якая праходзіла міма. У выніку выхавальніца садку адвяла дзяцей і патэлефанавала ў міліцыю.
Эксгібіцыяніста затрымалі. 52-гадовага мужчыну раней судзілі за злачынства на сексуальнай глебе. Сёлета яго неаднаразова прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў грамадскім месцы п’яным.
Мужчына змешчаны пад варту. У дачыненні да яго распачалі дзве крымінальныя справы за хуліганства.
МГ belsat.eu