Перамовы ў справе магчымасцяў экспарту казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь чакаюцца на працягу двух тыдняў, паведаміў кіраўнік Мінэнерга Казахстана Канат Базумбаеў, піша interfax.by.
«Пакуль толькі пачатак, пасол звяртаўся ў міністэрства, ён жаданне прадэманстраваў і ўсё. Аб’ёмы з боку Беларусі, нейкія пажаданні ёсць, але тэхнічна на гэтым – наступным тыдні прыедуць іх прадстаўнікі, мы паслухаем. Там не толькі бензін, там яшчэ і нафта», – сказаў Канат Базумбаеў.
На мінулым тыдні кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Менску з паслом Казахстана Ермухаметам Ертысбаевым прапанаваў актывізаваць перамовы пра пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь.
Ертысбаеў тады паведаміў, што Казахстан гатовы пастаўляць нафту ў Беларусь, але неабходна ўзгадніць з Расеяй пытанне транзіту, паколькі транспарціроўка нафты можа быць рэалізаваная па нафтаправодзе, што праходзіць па тэрыторыі РФ.
Амбасадар Беларусі ў Казахстане Анатоль Нічкасаў паведаміў, што Беларусь вядзе з Казахстанам перамовы пра пастаўкі нафты, а таксама пра пастаўку і перапрацоўку нафтапрадуктаў на давальніцкіх умовах.
«Ужо былі агучаныя даручэнні з боку беларускага кіраўніцтва пра пастаўкі нафтапрадуктаў для перапрацоўкі ў Беларусі на толінгавой падставе. Гэта не толькі нафта, але і шэраг нафтапрадуктаў, якія на нашых прадпрыемствах могуць дапрацоўвацца з атрыманнем прадуктаў больш высокай якасці», – сказаў Нічкасаў.
СК belsat.eu