Каронавірус у Вушачах: у больніцы – усё кіраўніцтва райспажыўтаварыства


Паліклініка ў Вушачах.
Фота: ushachi-tcson.by

Са станоўчым тэстам на каронавірус памерла работніца Вушацкага райспажыўтаварыства. Большасць працаўнікоў – у шпіталі ці на каранціне.

Інфармацыю пра эпідэмію ў Вушацкім райспажыўтаварыстве апублікавала Ірына Антонава на сваёй старонцы ў Facebook:

«Адзіная работніца, які адказала мне, працуе ў аддзеле кадраў. Сказала, што ўсё кіраўніцтва райспажыўтаварыства ляжыць у шпіталі з COVID-19. Для кагосьці ўжо няма месца ў больніцы, таму яны на самаізаляцыі дома. Жанчына праз тэлефон ледзь не плакала», – піша Ірына.

Іншы работнік Ушацкага райспажыўтаварыства на ўмовах ананімнасці пацвердзіў «Белсату» інфармацыю. Дадаў, што адная каляжанка памерла:

«У нас шмат людзей ляжыць у шпіталі, два пацверджаных з каронавірусам. Астатнія пакуль што з пнеўманіяй. Вы разумейце, што яшчэ тэсты робяцца. Сакратарка памерла ад каронавірусу. Як толькі ў яе пацвердзілася, прыехалі, ва ўсіх узялі тэсты, усіх даследавалі, пачало выяўляцца».

Нашая крыніца паведамляе, што лекары робяць усё магчымае:

«Мы ўсе знаходзімся пад медычным назіраннем. Нельга сказаць, што нас кінулі. Нашая больніца прымае ўсе захады, нашыя медыкі робяць усе намаганні. У нашага кіраўніка пацвердзілася інфекцыя, таму некаторыя знаходзяцца на каранціне, як кантакты першага ўзроўню. Мы спадзяемся і верым у лепшае. Але справа ў тым, што гэта ўсё выйшла за межы. Зараз шмат хворых. Я ўсім жадаю здароўя, бо калі ты з гэтым сутыкнуўся, разумееш, што ўсё сапраўды страшна».

Работнік дадае, што спажывецкія крамы таварыства ў Вушачах працягваюць працаваць:

«Само райспажыўтаварыства, бухгалтэрыя і гэтак далей – сышлі на дыстанцыйную працу. Хтосьці на бальнічных. У будынку практычна нікога няма. Нягледзячы на тое, што мы на бальнічных, мы ж усё роўна працуем».

Эпідэмія ў Вушацкім райспажыўтаварыстве. Аднак хлеб пякуць, мінералачку разліваюць. Ілюстратыўны здымак

Карэспандэнтка «Белсату» патэлефанавала ў Віцебскі абласны саюз спажывецкіх таварыстваў, бо ў Вушацкім райспажыўтаварыстве слухаўку не здымалі цягам двух дзён. У Віцебску нам паведамілі, што старшыня саюзу ў камандзіроўцы. Мы звязаліся з першаю намесніцай старшыні Таццянаю Назаравай:

«Так, такая сітуацыя ёсць у Вушацкім раёне. Але ўсе крамы і аўтакрамы працуюць у штатным рэжыме. Хлеб выпякаюць на хлебазаводзе Вушацкага райспажыўтаварыства. Мінеральная вада і безалкагольныя напоі вушацкага цэху таксама разліваюцца. Адміністрацыя працуе ў штатным рэжыме. Але прымаюць меры згодна з эпідабстаноўкай. Ёсць людзі, якіх адправілі [у адпачынак – Belsat.eu] за свой кошт, іншыя працуюць дыстанцыйна. Мы намагаемся такім чынам уберагчы людзей ад захворвання. Адначасова ўсё працуе ў штатным рэжыме. Гэта ў нас па тэрыторыі ўсёй вобласці адбываецца».

Усе крамы ў Вушачах працуюць, ня гледзячы на эпідэмію ў Вушацкім райспажыўтаварыстве. Фота Вушацкага райвыканкаму

Таццяна паведаміла, што не мае інфармацыі з афіцыйных крыніцаў пра тое, ці ёсць каронавірус у некаторых работнікаў райспажыўтаварыства. Belsat.eu датэлефанаваўся і да старшыні Вушацкага райвыканкаму:

«Рэгулярна нейкая інфармацыя праскоквае. Райспажыўтаварыства працуе ў штатным рэжыме», – кажа Уладзімір Аўдошка.

Старшыня Вушацкага райвыканкаму Уладзімір Аўдошка пацвердзіў факт эпідэміі ў Вушацкім райспажыўтаварыстве

У паведамленні Ірыны Антонавай пра сітуацыю ў Вушачах была інфармацыя пра пахаванні ў вёсцы Казімірава чалавека, памерлага праз Ковід-19. Дзяўчына піша, што памерлага аддалі ў поліэтыленавым меху і зачыненай труне, але на пахаванні родныя нібыта адкрылі і труну, і той мех.

Пракаментаваць гэтую інфармацыю мы прасілі таксама старшыню Вушацкага райвыканкаму, але Уладзімір Аўдошка нічога пра гэта не ведаў, але абяцаў пацікавіцца. Сёння ў райвыканкаме, Вушацкім сельсавеце і ЖКГ ніхто не здымаў слухаўкі.

ДЗ Belsat.eu

Стужка навінаў