Улады Кітаю 22 студзеня зачынілі горад Ўу-Хань: яго нельга пакінуць грамадскім транспартам, уезд таксама абмежаваны. Жыхарам шматмільённага гораду рэкамендуюць не пакідаць тэрыторыю, каб абмежаваць магчымасць распаўсюду новага каронавірусу (2019-nCoV).
Андрэй Зарыньш, які жыве ў Кітаі і вядзе тут бізнес, распавёў «Белсату», што пакуль у Паднябеснай даволі спакойна, а сітуацыя падобная да той, што была, калі ўзнік птушыны грып.
«Мае дзеці вучацца ў Кітаі, сам нядаўна з Гон-Конгу прыляцеў, учора з жыхарамі Пекіну меў зносіны. Нікога тут гэта ўвогуле не хвалюе – вядома, пакуль не закране асабіста… Але на 3-мільярдную Азію 17 смерцяў і 500 захворванняў, пагадзіцеся, наагул нішто», – распавёў «Белсату» Андрэй Зарыньш.
Паводле Андрэя, каронавірус у пэўнай ступені закране бізнес. У прыватнасці, могуць быць уведзеныя абмежаванні на харчы – перадусім морапрадукты, курынае мяса.
«Але пакуль пацверджаных звестак пра небяспеку паставак харчавання няма. Вірус па-за арганізмам доўга не жыве, а кантэйнеры ідуць мінімум месяц», – кажа Андрэй.
Андрэй мяркуе, што нічога ў бліжэйшыя часы ў Кітаі не зменіцца – вядома, калі хвароба не стане пандэміяй, але, кажа Андрэй, вакцына ў любым выпадку мае зʼявіцца на працягу некалькіх месяцаў, паколькі ў самым Кітаі зацікаўленыя ў гэтым і тут інвестуюцца на гэтыя мэты мільярды долараў.
Жыхарка Кітаю Сусанна Раю (Susanna Rayu) распавяла «Белсату», што асаблівай панікі ў яе горадзе няма. Дзяўчына жыве ў Шанхаі.
«Інфармацыя пра колькасць хворых змяняецца кожны дзень. У Шанхаі ўсё даволі спакойна, панікі ніякай няма. Але маскі на твар немагчыма ўжо купіць, нідзе іх няма. Таксама дэфіцытам стаў дэзынфектар для рук. Агулам настрой спакойны. На вуліцах сярод кітайцаў я нават не чула, каб абмяркоўвалася хвароба, але вось замежнікі вельмі актыўна абмяркоўваюць гэта ў групавых чатах», – распавяла Сусанна Раю.
Дзяўчына мяркуе, што захворванне можа ўдарыць галоўным чынам па турызму. Панясе страты і гандаль, у прыватнасці ўжо цяпер некаторыя баяцца замаўляць тавары праз пошту.
«Складваецца ўражанне, што многім выгадна выставіць Кітай у горшым свеце, таму і падымаецца такая інфармацыйная хваля», – лічыць Сусанна.
СК belsat.eu