Ужо больш за год берасцейцы змагаюцца супраць акумулятарнага заводу, пабудаванага недалёка ад гораду. Завод павінен быў запрацаваць у канцы мінулага года, пазней «АйПаўэр» абяцаў выпусціць першы акумулятар у сакавіку, але ўжо вядома, што гэтага найбліжэйшым часам не будзе. Гэта значыць, праціўнікі заводу пратэстуюць недарма. У нашым матэрыяле – 10 фактаў, якія варта ведаць пра берасцейскі пратэст.
Кармленне галубоў – такую форму пратэсту ў канцы лютага 2018 года абралі берасцейцы. Кожную нядзелю а 12:00 людзі збіраюцца на галоўнай плошчы Берасця, проста размаўляюць і кормяць птушак. Улады спрабавалі розныя захады, каб не даць людзям прыходзіць на плошчу, але гэта не спрацавала: мінімум 150 берасцейцаў штонядзелю прыходзяць карміць галубоў. Берасцейская плошча стала за год вельмі папулярнай у беларускіх апазіцыйных палітыкаў: тут былі і Лябедзька, і Рымашэўскі, і Губарэвічам з Казловым, і дэпутатка Канапацкая. А для Міколы Статкевіча кармленне галубоў скончылася затрыманнем і пяццю соднямі арышту.
За час пратэсту ў органы ўлады былі пададзеныя 103 заяўкі на правядзенне розных акцыяў – 75 мітынгаў, 12 пікетаў і 16 дэманстрацыяў. Дазволілі толькі 1 мітынг. Афіцыйна забаранілі 96 акцыяў. Да адміністратыўнай адказнасці былі прыцягнутыя 27 удзельнікаў. Агульны штраф склаў 798 базавых велічыняў, або 16 482 рублі. Тры чалавекі атрымалі па 5 содняў арышту. Таксама міліцыя актыўна практыкавала затрыманне актывістаў увечары пятніцы, а затым размяшчэнне іх у ІЧУ да суда, пасля чаго людзі атрымлівалі штрафы. Яшчэ некалькі пратэстоўцаў страцілі працу, а ўладальнікі прыватнага бізнесу, якія бяруць удзел у пратэсце, прызнаюцца: такога ціску і такой колькасці правяранняў яны не зазнавалі ніколі.
Адзначым, што міліцыя цягам усяго пратэсту выклікала актывістаў і журналістаў да сябе позвамі ў нядзелю а 12:00, менавіта ў час, калі адбывалася кармленне галубоў. Відавочна, гэта рабілі, каб людзі не здолелі трапіць на плошчу.
Аншлаг на адзінай дазволенай акцыі. Аднойчы ўлады дазволілі праціўнікам заводу зладзіць мітынг «Берасцейкі супраць свінцу», ён сабраў амаль 2000 чалавек. Больш улады пратэстоўцам нічога афіцыйна праводзіць не дазвалялі.
Супраць будоўлі заводу берасцейцы сабралі амаль 40 тысяч подпісаў на імя кіраўніка краіны, але так і засталіся непачутыя. Тады людзі пачалі збіраць подпісы за адстаўку мясцовага кіраўніцтва, але гэтая акцыя не мела такога поспеху і пасля шэрагу рэпрэсіяў была спыненая. Таксама актывісты падавалі пазовы супраць заводу ў суд, але, вядома, прайгралі. Аднойчы праціўнікі заводу прыйшлі ў суд з копіяй карціны галандскага мастака Хэрарда Давіда «Суд Камбіза» або «Здзіранне скуры з прадажнага суддзі». Пасля гэтага выпадку пачалі больш пільна ставіцца да пропускаў у берасцейскі суд.
Прайшоўшы ўсе інстанцыі ў Беларусі, пратэстоўцы пастанавілі ўпершыню ў гісторыі Беларусі правесці мясцовы рэферэндум. Дазволу на гэта ўлады не далі.
У часе пратэстаў актывісты высветлілі, што ў паселішча Зялёны Бор звозяць небяспечныя адкіды з вытворчасці акумулятараў у Белаазёрску. У выніку актывісты, блогеры, журналісты і мясцовыя жыхары дамагліся, каб свінцовы попел з Зялёнага Бору сталі вывозіць. І некаторых вінаватых пакаралі.
Падчас акцыяў пратэсту берасцейская міліцыя адзначылася абсурднымі затрыманнямі і пратаколамі. Маладая берасцейская маці атрымала штраф адну базавую велічыню за тое, што ейныя дзеці зляпілі снежную бабу, а кабета ўпрыгожыла яе ўлёткаю «Прэч атруту, не – заводу! Гаспадарыць тут народу!»
А 11 лістапада берасцейскі АМАП на вачах у дзяцей затрымаў чалавека ў касцюме ліса. Гэтым чалавекам аказаўся актывіст Канстанцін Астапук, выходныя ён правёў у ІЧУ, а праз два з паловаю месяцы міліцыя не знайшла складу злачынства ў дзеяннях Астапука і вярнула касцюм гаспадарам, вось толькі за незаконнае затрыманне Канстанціна міліцыя пакуль не адказала.
Перад самым Новым годам міліцыя затрымала Віталя Казака, які быў у касцюме Дзеда Мароза, у тую нядзелю актывіст да плошчы так і не дабраўся.
Больш за актывістаў улады білі па незалежных журналістах і блогерах. Пад асаблівай увагаю міліцыі – журналісты нашага тэлеканалу і радыё «Рацыя». Іх затрымлівалі, судзілі, сачылі ды аказвалі іншы ціск. Але, не зважаючы на ўсе пагрозы, мы працягваем асвятляць пратэст.
Два кліпы знялі актывісты кампаніі супраць заводу. Першы, «Жыць», які стаўся неафіцыйным гімнам пратэсту, актывісты выпусцілі 17 сакавіка мінулага года, а 15 лютага быў выпушчаны яшчэ адзін ролік – кавэр на песню «Плакала» вядомага ўкраінскага гурта «Kazka».
Больш за 700 лістоў у розныя дзяржаўныя арганізацыі ды ўстановы за апошні год адправілі праціўнікі будоўлі заводу. Іх адпраўленне каштавала больш за 1600 рублёў.
Алесь Ляўчук, фота Міланы Харытонавай belsat.eu