Студэнтаў просяць напісаць заявы на вольнае наведанне, але навучальную ўстанову пры гэтым не закрываюць. Што адбываецца ў каледжы цяпер, разбіраўся Belsat.eu.
Студэнтаў Менскага дзяржаўнага мастацкага Каледжу імя Глебава нібыта вызваляюць ад заняткаў, а сама вучэбная ўстанова ад серады зачыненая. Аб гэтым у сваім Facebook напісаў грамадскі актывіст Павел Вінаградаў.
Аднак дырэктар каледжу Аляксандр Шантыровіч паведаміў карэспандэнтам «Белсату», што вучэльня працуе ў звычайным рэжыме:
– На сённяшні момант кожны з бацькоў у сувязі з сітуацыяй, якая адбываецца ў свеце, сам вольны вырашыць, што рабіць са сваім сынам ці дачкой. Мы гатовыя працаваць, наколькі гэта магчыма, і дыстанцыйна. Але фактычна мы працуем у тым жа рэжыме, як і ўчора, і пазаўчора.
Паводле яго, бацькі вучняў самі накіроўвалі заявы аб свабодным наведванні заняткаў.
– Але на сёння гэта будзе прагул, – зазначае ён. – Таму што афіцыйна ў нас у краіне няма ані каранціну, ані непрадугледжанай нейкімі вучэбнымі планамі дыстанцыйнай вучобы.
Сваякі студэнтаў каледжу сцвярджаюць, што ўчора адміністрацыя каледжу сама папрасіла напісаць заяву па пэўнаму ўзору.
– Мая пляменніца навучаецца ў гэтым каледжу, і ўчора ім выдалі ўзор заявы, дзе бацькі б прасілі пакінуць дзяцей на дыстанцыйным навучанні. Сёння яны паехалі забіраць свае інструменты, каб навучацца ў хаце, – кажа жыхар Вільні Вячаслаў.
Падобная сітуацыя назіраецца і ў Менскім каледжы тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці. Бацькі студэнтаў паведамляюць, што адміністрацыя каледжу таксама папрасіла іх напісаць заявы на вольнае наведванне пар праз эпідэміялагічную абстаноўку.
Ксенія Тарасевіч belsat.eu