Эпідэмія COVID-19 стала сур’ёзным выклікам для праваабаронцаў. Абмежаванне свабоды перасоўвання, забарона выходзіць на вуліцу ў некаторых краінах – гэта тое, з чым традыцыйна дэмакратычныя і свабодныя краіны Заходняй Еўропы не сутыкаліся з часоў Другой сусветнай вайны. Праваабаронцы распавялі «Белсату», якія пагрозы для правоў чалавека цягне за сабою пандэмія.
Беларусь – аўтарытарная краіна, дзе парушаюцца шматлікія правы чалавека – кажа супрацоўніца цэнтру «Вясна» Наталля Сацункевіч. Праваабаронца лічыць, што Ковід-19 дасць ускладненне на прававую сітуацыю ў краіне.
«У мяне няма аптымізму. Зразумела, што чым горшая будзе сітуацыя з эпідэміяй у Беларусі, тым больш будуць парушацца правы чалавека. Беларусы ўжо прызвычаеныя да парушэнняў сваіх правоў з боку дзяржавы. А зараз для гэтага ёсць зразумелая і легальная прычына», – кажа Наталля Сацункевіч.
Наталля мяркуе, што адмова ўлады ад увядзення агульнанацыянальнага каранціну не парушае базавага права чалавека – права на жыццё. Тое самае датычыць і адмовы лекараў у аказанні планавай медычнай дапамогі.
«Калі людзям пачнуць адмаўляць у аперацыі на апендыцыт, то гэта канешне відавочнае парушэнне. Але калі адмаўляюць у планавай дапамозе стаматолагу – парушэння права тут няма», – кажа праваабаронца.
У новых умовах праваабаронцам трэба быць больш пільнымі. Паводле Наталлі, у здаровым грамадстве каранцін не будзе пагрозаю дэмакратыі, але і дэмакратыя не гарантуе, што правы чалавека не будуць парушацца.
Некаторыя краіны, сярод якіх Расея і Францыя, перанеслі выбарчыя кампаніі на перыяд эпідэміі. Іншыя краіны, як да прыкладу Польшча ці Беларусь, будуць абіраць кіраўнікоў краіны, як і планавалася. Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч лічыць, што самая па сабе наяўнасць пандэміі не мусіць паўплываць на дэмакратычнасць і адкрытасць выбараў:
«Працэдура галасавання – гэта толькі фінал выбарчага працэсу. Наколькі шчыраю і непрадузятай можа быць агітацыйная кампанія ў бягучых умовах – іншае пытанне».
Уладзь Лабковіч зазначае, што правядзенне выбараў у Беларусі можа паставіць пад пагрозу здароўе вялікай колькасці людзей.
«Згодна з заканадаўствам, каб вылучыцца ў кандыдаты на прэзідэнта, трэба сабраць 100 тысячаў подпісаў. Ці бяспечная гэткая кампанія ў перыяд эпідэміі? Мяркую, што ў беларусаў можа і да жніўня захоўвацца страх перад натоўпамі людзей і нежаданне ўдзельнічаць у выбарах», – разважае праваабаронца.
Галоўны складнік дэмакратычных выбараў – гэта давер да іх з боку грамадства.
«У Беларусі і ў звычайных умовах выбарчы працэс амаль знішчаны, а падчас пандэміі ўвогуле можа быць зведзены да поўнага фармалізму», – падсумоўвае Лабковіч.
Адно з найбольш складаных пытанняў у часе закрытых межаў – просьбы грамадзянаў аб атрыманні прытулку ў іншай краіне. Такое права ў іх захоўваецца. Тым ня менш, некаторыя людзі аказаліся «заціснутымі паміж краінамі».
«Транзітныя ўцекачы з Чачэніі застаюцца ў Берасці праз тое, што Польшча закрыла межы. Няма чыгуначнага злучэння. А яны не могуць заявіць аб сваім статусе польскаму ўраду. Яны папросту чакаюць, калі сітуацыя вырашыцца», – кажа Эніра Браніцкая з арганізацыі Human Constanta, якая займаецца правамі ўцекачоў у Беларусі.
Згодна з міжнароднымі стандартамі такія форс-мажоры не мусяць уплываць на права людзей «падавацца» на атрыманне статусу ўцекача. Праблема закрытых межаў датычыць ня толькі ўцекачоў, але і звычайных турыстаў. Шмат людзей па ўсім свеце захраслі ў іншых краінах у чаканні транспарту, які маюць забяспечыць урады дзеля вяртання сваіх грамадзянаў.
Беларусь пайшла насустрач замежнікам, якія затрымаліся ў нас з-за закрытых межаў і павялічыла ім колькасць дзён прыбывання паводле бязвізу.
У айчынных месцах пазбаўлення волі ўвялі каранцін: забароненыя спатканні, але можна перадаваць перадачы. Сусветная арганізацыя здароўя ў сваіх рэкамендацыях адзначала, што каронавірус не можа выкарыстоўвацца як прычына забароны вонкавых праверак, якія даведваюцца аб парушэннях правоў вязняў.
«Але ў Беларусі такія грамадскія назіральныя камісіі, якія выконваюць гэтую функцыю, свае інспекцыі ў калоніях адмянілі», – кажа праваабаронца з «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава.
Да прыкладу ў Польшчы і Нямеччыне каранцін у турмах бескампрамісны: вартаўнікі ночаць у калоніях, наведнікі, адвакаты і следчыя не могуць бачыцца з вязнямі. У шэрагу краінаў арыштаваных часова пераводзяць пад хатні арышт. У Беларусі ж адвакатаў пускаюць у СІЗА пасля праверкі тэмпературы.
Беларускі Мінздароўя рэкамендуе пазбягаць сацыяльных кантактаў, але ў турмах гэта немагчыма. Арыштаваныя ці асуджаныя могуць заразіцца праз працаўнікоў калоніі ці праз адвакатаў, з якімі могуць кантактаваць.
«З нашага досведу якасць медычных паслугаў у месцах несвабоды не самая лепшая. Хоць людзі, якія там знаходзяцца, мусяць абслугоўвацца паводле тых жа стандартаў медычнай дапамогі, што і людзі на волі», – тлумачыць Вікторыя Фёдарава.
У праваабаронцаў няма інфармацыі аб парадку дапамогі падчас каронавірусу ў калоніях ды турмах. Таксама яны не ведаюць, ці ёсць там апараты ШВЛ.
Зараз «Прававая ініцыятыва» рэкамендуе ўсім адвакатам і прадстаўнікам людзей, якія знаходзяцца ў СІЗА падаваць скаргі на ўжыванне меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай і прасіць змяніць такую меру на хатні арышт у сувязі з пандэміяй COVID-19. Форма скаргі ёсць на сайце арганізацыі. Таксама праваабаронцы рыхтуюць прапановы па змякчэнні пакаранняў для тых, хто ўжо знаходзіцца ў калоніях.
Нават такія надзвычайныя абставіны не могуць быць прычынаю для рэпрэсіяў з боку дзяржавы.
«У нас няма падручніку «Як працуюць правы чалавека падчас пандэміі». Сучасны свет упершыню сутыкаецца з такой сітуацыяй: калі зачыненыя межы, спыненая вытворчасць, калі ўведзены нацыянальны каранцін у шмат якіх краінах», – кажа Наталля Сацункевіч з праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Зараз мы назіраем, што ў шмат якіх дэмакратычных краінах абмежаваныя правы на мірныя сходы і свабода перамяшчэння. Трэба памятаць, што ёсць толькі два правы, якія ніколі нельга абмяжоўваць: свабода ад катаванняў і ад рабства. Усё астатняе можа быць абмежавана, калі таго вымагае сітуацыя», – тлумачыць Наталля Сацункевіч.
Каб абмежаваць нейкія правы, дзяржава мае выканаць шэраг умоваў: мець выразную мэту для абмежавання, а захады ўводзіць неабходныя і прапарцыйныя. Калі ў Індыі збіваюць людзей, якія парушаюць каранцін – гэта дакладна не прапарцыйныя захады.
Што дакладна не забаронена ў такіх няпростых умовах, то гэта распаўсюд праўдзівай інфармацыі аб захворванні ці аб парушэннях грамадзянскіх правоў. Таму кааперуйцеся, дапамагайце медыкам, удзельнічайце ў краудфандынгавых кампаніях – у як мага шырэйшым коле.
Ксенія Тарасевіч Belsat.eu