Канцэпцыя інфабяспекі: беларуская мова – гарант гуманітарнай бяспекі дзяржавы


Беларуская мова, адначасова з канстытуцыйна замацаваным у дзяржаве двухмоўем, садзейнічае павышэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства і фармаванні яго духоўнасці. Пра гэта адзначаецца ў адобранай 12 сакавіка кіраўніком краіны канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі.

Копія дакументу распаўсюджваецца ў тэлеграм-каналах. Адна з крыніцаў TUT.BY пацвердзіла сапраўднасць па меншай меры часткі дакументу, другая назвала яго «вельмі падобным».

«Пашырэнне сацыяльных функцыяў і камунікатыўных магчымасцяў беларускай мовы, яе паўнавартаснае і ўсебаковае развіццё разам з іншымі элементамі нацыянальнай культуры выступаюць гарантамі гуманітарнай бяспекі дзяржавы, – гаворыцца ў частцы дакументу, якая называецца «Захаванне традыцыйных асноваў і каштоўнасцяў».

Канцэпцыя таксама патрабуе «далейшай паслядоўнай рэалізацыі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі »для таго, каб замацоўваць у Беларусі і за яе межамі «беларускую нацыянальную канцэпцыю гістарычнага мінулага краіны і беларускай мадэлі памяці».

У дакуменце падкрэсліваецца, што для павышэння ўстойлівасці грамадства да «дэструктыўных інфармацыйных уздзеянняў» неабходна захоўваць традыцыйныя фундаментальныя каштоўнасці народу, якія з’яўляюцца адным з асноўных элементаў «забеспячэння яго адзінства і адной з умоваў няўхільнага развіцця дзяржавы».

Інфармацыйную палітыку Беларусі прапануецца нацэліць на прасоўванне гуманізму, міралюбнасці, добрасуседства, справядлівасці, узаемадапамогі, моцных сямейных стасункаў, здаровага ладу жыцця, стваральную працу, прынятыя ў беларускім грамадстве нормы маралі і маральнасці і пазітыўную правасвядомасць.

«У інфармацыйнай сферы ў поўнай меры знаходзяць адлюстраванне роўныя правы ўсіх без выключэння нацыянальнасцяў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь, паважлівае стаўленне да ўсіх традыцыйных рэлігіяў і веравызнанняў», – гаворыцца ў дакуменце.

Нагадаем, 12 сакавіка кіраўнік Беларусі правёў нараду з Радай бяспекі. На нарадзе абмяркоўвалася новая Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Паводле слоў дзяржсакратара Рады бяспекі Станіслава Зася, на наступным тыдні Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі будзе афіцыйна зацверджаная і апублікаваная.

Hавiны
«Прысутнасць дзяржавы ў сацсетках»: Лукашэнку паклалі на стол канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі
2019.03.12 12:03

СК, belsat.eu

Стужка навінаў