Еўрапейскія санкцыі забараняюць чальцам ЕЗ гандляваць з Беларуссю зброяй. Каб адрамантаваць у Беларусі ўжо набытую тэхніку, парламент Балгарыю ўносіць папраўкі ў нацыянальнае заканадаўства.
Парламент Балгарыі прыняў папраўку да закону аб кантролі за экспартам вайсковай прадукцыі. Ініцыятыва належала сябру партыі «Балгарскі нацыянальны рух», а папраўку зрабілі цішком паміж чытаннямі зусім іншага закону – «Аб забароне хімічнай зброі», піша «Капитал».
Паводле выдання, ідэя закуліснай прававой папраўкі ёсць у тым, каб зняць кантроль Міністэрства эканомікі над рамонтам і мадэрнізацыяй вайсковай зброі.
У лістападзе 2018-га Балгарыя заключыла з «558-м авіяцыйным рамонтным заводам» у Баранавічах дамову на рамонт васьмі штурмавікоў Су-25. Сума кантракту склала 73,6 млн еўраў без ПДВ (або каля 88 млн з ПДВ).
У снежні Міністэрства абароны Балгарыі пералічыла ў Беларусь першы транш у памеры каля 41 млн еўраў. Аднак грошы ў Баранавічы гэтак і не дайшлі – праз эмбарга Еўразвязу на пастаўку ў Беларусь зброі і сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў. Сёлета ў лютым ЕЗ працягнуў санкцыі яшчэ на год.
Паводле Міністэрства абароны Балгарыі, увоз тэхнікі ў Беларусь ня ёсць экспартам, бо яна ўвозіцца часова для рамонту.
Вырашэнне праблемы Балгарыя ўсклала на парламенцкую Камісію па кантролі над экспартам, падае выданне «Дневник».
«Міністэрства абароны выплаціла ў снежні ўказаную суму, пасля чаго іх вярнуў банк, які павінен быў зрабіць перавод», – распавядаў журналістам намеснік міністра абароны Анатолій Вялічкоў у траўні 2019-га.
Чакаецца, што пасля апублікавання прававых зменаў міністр абароны Балгарыі падпіша часовы дазвол на вываз Су-25 у Беларусь, а міністэрства эканомікі не будзе замінаць «экспарту».
«Су-25 ляцяць у Беларусь праз «чорны ўваход», – падаюць балгарскія медыі.
Баранавіцкі завод зможа пачаць рамонт балгарскіх самалётаў пасля пераводу сродкаў, а прэцэдэнт можа ў будучыні адкрыць беларускі рынак абслугоўвання і мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі савецкай і расейскай вытворчасці для іншых краінаў Еўразвязу.
ДД belsat.eu