У ноч на нядзелю, 8 сакавіка, прэм’ер-міністр Італіі Джузэпэ Контэ падпісаў увядзенне каранціну на поўначы Італіі каранціну пасля таго, як цягам сутак у краіне зарэгістравалі 1200 выпадкаў захворвання. Абмежавальныя захады заблакуюць чвэрць насельніцтва краіны.
Каранцін працягнецца мінімум да 3 красавіка.
Ён будзе дзейнічаць ува ўсёй вобласці Ламбардыя ўключна з Міланам, у Венецыі, у правінцыях Парма, П’ячэнца, Рымыні, Рэджа-нэль-Эмілія і Мадэна ў вобоасці Эмілія-Раманья, правінцыях Пезара і Урбанія у вобласці Марке, правінцях Падуя і Трэвіза у вобласці Венета і правінцях Алесандрыя і Асці ў вобласці П’емонт.
Уезд і выезд з гэтых мясцінаў будзе магчымы толькі «па сур’ёзных і неадкладных прычынах», у тым ліку па працы ці сямейных абставінах.
Захады закрануць каля 16 млн чалавек, падае «Reuters».
«Мы з братам працавалі ў Брэшыі і здымалі там дом. Пасля я звольніўся і вярнуўся дахаты, а мой брат застаўся там адзін яшчэ ненадоўга. Але цяпер ён не можа вярнуцца», – распавядае ў размове з «The Guardian» 32-гадовы жыхар Сіцыліі.
Ужо ўвечары 7 сакавіка, калі толькі стала вядома пра планы ўраду аб увядзенні каранціну, сотні людзей – пераважна тых, хто паходзіць з іншых мясцінаў – прыбылі на чыгуначны вакзал Мілан, каб з’ехаць з гораду, падае «Fanpage».
У раёнах, якія ахопіць каранцін, забароненыя ўсе публічныя імпрэзы.
Свае дзверы зачыняць тэатры і кінатэатры, дыскатэкі, бары, спартовыя залы, басейны, лыжныя трасы і г. д. Крамы не будуць працаваць па суботах і нядзелях.
Рэстарацыям, якія забяспечаць дастатковую дыстанцыю паміж наведнікамі, дазволяць працаваць да першага парушэння.
Закрываюцца школы, універсітэты і дзіцячыя садкі, спартовыя секцыі. Усе вучні і студэнты павінныя сядзець удома.
Адмяняюцца службы ў святынях, а таксама вясельных і пахавальныя цырымоніі. Перастануць працаваць суды.
Пад забарону патрапіла наведванне сваякоў у шпіталях. Медычнаму персаналу забаронена сыходзіць у адпачынак.
Кожны жыхар закрытых раёнаў абавязаны штодня вымяраць сабе тэмпературу, пры яе павышэнні вышэй за 37 градусаў ён абавязаны застацца ўдома і абмежаваць кантакты.
У сярэдзіне лютага ў сувязі з успышкай каронавірусу SARS-CoV-2 у Італіі ўвялі каранцін у 11 населеных пунктах на поўначы краіны.
Па стане на раніцу 8 сакавіка, у Італіі зафіксавалі 5883 выпадкі заражэння коронавіруснай інфекцыяй. Толькі за апошнія суткі колькасць новых заражэнняў падскочыў там на 1200 выпадкаў. Гэта самы вялікі сутачны прырост з моманту першых выпадкаў заражэння.
Па колькасці хворых краіна цяпер на трэцім месцы ў свеце – пасля Кітаю і Паўднёвай Карэі.
На сёння ад каронавірусу ў Італіі памерлі 233 пацыенты.
ДД belsat.eu