Словы года на канале – як сімвалы 2019-га, а таксама іх прыгоды ў навінах. Кароткі цыкл ад моўнай службы «Белсату» – у апошні тыдзень снежня. Сённяшняе слова – інтэграцыя.
Сёлета амплітуда ўспрымання слова інтэграцыя вагалася ад шчырага захаплення да глыбокага адмаўлення. У залежнасці ад сферы ўжывання.
Інтэграцыя – шырокі панятак, здольны ў розных галінах набываць адметныя рысы. Яна можа быць этнічная, моўная, экалагічная, рэкламная, эканамічная, сацыяльная, палітычная, культурніцкая, інтэграцыя навук…
Інтэграцыя (ад лац. integratio– аднаўленне, папаўненне, злучэнне) – аб’яднанне ў адно цэлае якіх-небудзь частак.
У 2019 год «Белсат» увайшоў, аб’яднаўшы дзве рэдакцыі – тэлевізійную частку ды інтэрнэт. Калегі словам інтэграцыя апісваюць рэформу каналу.
«У нашым выпадку інтэграцыя – гэта мір, узаемапавага, разуменне важнасці і сэнсу працы тэлебачання ды ўэбу, магчымасць працаваць і для інтэрнэту, і для тэлебачання, новыя магчымасці для самарэалізацыі», – характарызуе падзею Зміцер Ягораў, кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату».
У 2019-м абвастрылася пытанне палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Краіна цягам года сочыць аднолькава пільна як за інтэграцыйнымі прамовамі, так і за інтэграцыйным маўчаннем дзейных асобаў. Іх называюць ці нейтральна, інтэгратарамі, ці з выразна адмоўнаю канатацыяй, інтэграстамі (слова фіксуе мовазнавец П. Садоўскі ў аглядзе моўных інавацыяў 1990-х). Ва ўжытак уваходзіць трывожны выраз паглыбленая інтэграцыя.
У навінавых стужках з словам інтэграцыя суседзілі: шантаж, паглынанне, сакрэтныя пратаколы, інтэграцыйны ўдар, інтэграцыйная пастка, інтэграцыйнае піке, важкая інтэграцыя і аншлюс.
Антыінтэграцыйныя пратэсты гуртуюць людзей у сталіцы, акцыі ладзяцца ў рэгіёнах і за мяжою. Жывы ланцуг супраць інтэграцыі ў дзень сустрэчы кіраўнікоў Расеі і Беларусі праўладны тэлеграм-канал падае як падтрыманне Лукашэнкі.
На пагрозу інтэграцыі народ адказвае гучна: «Беларусь – не Расея!», «Інтэграцыя – гэта акупацыя». (Анты)слова года ўмацоўвае пазіцыі іншага, надзвычай важнага слова, бо пагадзіцеся: супраць інтэграцыі=за незалежнасць.
Настасся Кахан belsat.eu