Што будзе з партыямі ў Беларусі?


«Пайшлі налева-направа, палітычная партыя ці аб’яднанне павінныя быць ліквідаваныя». Вось у такіх інтанацыях прамаўляў Лукашэнка падчас нарады, дзе абмяркоўваліся законы аб партыях і грамадзянскай супольнасці. Штопраўда, ліквідаваць усё, што не ўпісваецца ў праўладную парадыгму, пачалі адразу пасля выбараў 2020-га.

За два гады зліквідавалі больш за 400 недзяржаўных арганізацыяў. А вось 15 палітычных партыяў пакуль фармальна існуюць. Сярод іх і апазіцыйныя: напрыклад, партыя БНФ, АГП, БСДП.

Палітолаг Павел Усаў кажа:

«Чаму яшчэ засталіся партыі такога нацыянальна толку, як КХП БНФ, партыя БНФ, я думаю ўсё будзе звязана з палітычным працэсам, які вядзецца і супраць Кастусёва, якога абвінавачваюць у спробе захопу ўлады. Я думаю, што гэта будзе сістэмна выкарыстоўвацца ў працэсе, пасля працэсу, магчыма, і наступіць ліквідацыя гэтых партыяў».

Паводле эксперта, імаверную канчатковую ліквідацыю апазіцыйных партыяў пацвярджаюць таксама так званыя падрыхтоўчыя захады: ператрусы і пагромы ў партыйных офісах, зняволенне лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва і сябраў АГП разам з лідарам Мікалаем Казловым.

Намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў дадае:

«Існуюць тэорыі пра перарэгістрацыю партыяў, адпаведна, у Беларусі, дзе не дзеіць закон, знайсці прычыну, каб ліквідаваць любую партыю, вельмі проста. Хутчэй за ўсё, некаторыя партыі, дапускаю, могуць не прайсці гэтай перарэгістрацыі».

На гэта намякаюць і зробленыя напярэдадні заявы дэпутата Алега Гайдукевіча. На ягоную думку, пасля прыняцця закону аб палітычных партыях і перарэгістрацыі ў Беларусі павінныя застацца 3-4 партыі. Перспектывай жа найбліжэйшай будучыні стане стварэнне партыі ўлады. Навошта гэта Лукашэнку?

«Ён дазваляе сваім клоўнам – ці Васкрасенскі, ці Гайдукевіч – даволі часта выказвацца на тэму прадстаўнічай дэмакратыі. Вось у нас жа дэмакратыя, яна не адрозніваецца ад Захаду, вось ёсць партыі. Але функцыянальнага значэння гэта мець не будзе для Беларусі», – кажа Павел Усаў.

«Што б ні стваралі там Гайдукевіч ці іншыя, нейкія там адну праўладную партыю, 41 адну партыю,541 партыю – ніякай розніцы паміж гэтымі партыямі не будзе. Калі мы гаворым пра партыю як пра палітычную структуру, мэта любой партыі – прыйсці да ўлады, узяць уладу. Пажадана максімальна», – тлумачыць палітык Сяргей Навумчык.

У дзейных умовах – дадае Сяргей Навумчык – гэта абсалютна немагчыма. Засумняваўся ў неабходнасці партыйнага будаўніцтва ў Беларусі і сам Лукашэнка: маўляў, час не той, трэба гуртавацца вакол аднаго лідара. Затое ён са шкадаваннем выказаўся, што ў свой час не паслухаў Наталлі Качанавай, якая раіла яму пераняць кітайскі досвед, дзе кіраўніка краіны абірае Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў.

Выбары ж прэзідэнта, паводле Лукашэнкі, разгойдваюць сітуацыю. У выпадку неабходнасці ён паабяцаў вярнуцца да перагляду Канстытуцыі ў бок ладу кітайскіх таварышаў: перадаць паўнамоцтвы для абрання прэзідэнта Усебеларускаму народнаму сходу. Наколькі гэта магчыма?

Павел Усаў адказвае: «Да сённяшняга моманту не маем нават ніякага палажэння пра палітычнае бюро, вось гэты выканаўчы камітэт Усебеларускага народнага сходу, які па сутнасці ёсць па новай рэдакцыі вось гэтай лукашэнкаўскай Канстытуцыі найвышэйшай уладай Беларусі».

«Ёсць зграя паслухмяных мышэй, якія прагаласуюць, падымуць хвасты, там, дзе ім скажуць. Можа быць, сярод іх ёсць і пацукі, хто не разумее па-беларуску – крысы, але ў авальнай зале яны ўсе вядуць сябе, як мышы, – кажа Сяргей Навумчык.

Пасля нарады аб палітычных партыях міністр юстыцыі Сяргей Хаменка ўжо паспеў адрапартаваць пра планаваныя змены ў адпаведны закон. Паводле яго, прапісаць збіраюцца неабходнасць партыяў захаваць асноўныя прынцыпы канстытуцыйнага ладу, не дапускаць ніякіх відаў варожасці і павялічыць мінімальную колькасць чальцоў партыі да пяці тысячаў чалавек, а таксама абмежаваць фінансаванне партыяў з замежных крыніцаў».

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»