Нестыкоўка пасля раскопак, якія на чале з Гомельскай пракуратураю вяліся на поўдні гораду, у месцах масавых пахаванняў рэпрэсаваных беларусаў… Пракуратура кажа – расстраляныя нацыстамі… Але Упраўленне капітальнага будаўніцтва трапна апублікавала праўдзівую мапу гэтай часткі Гомля, дзе брацкія магілы датаваныя 1937 годам.
У Гомлі пабудуюць дарогу – усходні абыход гораду. Упраўленне камунальнага будаўніцтва пастаралася ў праекце абмінуць месцы пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якія паказала на схеме.
Гэтая дзіўная схема належыць «бегламу» гісторыку з Гомля Яўгену Малікаву і не з’яўляецца праўдзівай – напісала «Гомельская праўда».
Віктар Марозаў, пракурор Гомля:
«І хоць гісторыкі спрабуюць сцвярджаць адваротнае, я аўтарытэтна заяўляю, што летась пад час раскопак ніякіх слядоў ахвяраў 1937 года ў расстрэльных ямах не выяўлена».
Мясцовая вертыкаль абяцае перарабіць схему, улічыўшы навейшыя звесткі раскопак. Правозіліся яны пасля завядзення крымінальнай справы аб генацыдзе нацыстамі беларускага народу, вяліся пад патранатам Пракуратуры і мелі вынікі, нечаканыя для згаданага раней гісторыка Яўгена Малікава, які прысутнічаў пры першых раскопках у тым лесе ў 1995 годзе.
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства, кажа:
«Археолагі раскопвалі. І розныя рэчы паказвалі. У тым ліку самая цікавая знаходка была – шчотка, на якой былі напісаныя даты суда, нумар і артыкул па якому, чалавек быў асуджаны. І даты там былі 1937 год».
Але праблема нават не ў тым, да якога году аднеслі знойдзеныя парэшткі, кажа гісторык. Пра тое, што там ёсць пахаванні, Малікаў інфармаваў усе гарадскія профільныя інстанцыі яшчэ ў 2017-ым.
«Мне ўсе адпісалі. Сэнс адказаў быў такі – дзякуй што вы напісалі, звестак пра наяўнасць у Навабеліцкім лесе масавых пахаванняў у нас няма. Гэта быў 2017 год», – распавёў Яўген Малікаў.
Але людзі ведалі з незалежных крыніцаў і спрабавалі ўшанаваць памяць продкаў у гэтых мясцінах.
Валерыя Альшамоўская з дзецьмі некалькі гадоў таму ўвосень наведвала Гомель, шукала меркаванае месца пахавання прадзедаў – Яўгена і Валерыі…
«Не вядома, дзе дакладна пахаваныя, дачушка. Мы проста ў гэтае месца прыехалі. Тут няма канкрэтнай магілы. Тут паўсюль магіла. Тут вельмі шмат людзей расстрэльвалі», – распавядае маці старэйшай дачцэ.
Нават да 100 тыс ахвяраў могуць спачываць у гэтай зямлі. І нават паводле ўрыўкавых паведамленняў у мясцовых медыях, раз пораз тут знаходзілі парэшткі. Безліч асобаў звярталася з Гомельскі КДБ па даведку і копіі справаў рэпрэсаваных продкаў. У адказ адмова. Спасылаюцца на тое, што дакументы ўтрымліваюць звесткі трэціх асобаў. Ці просяць дакладна даказаць сваё радство.
«У Віцебскай вобласці даюць такія дакументы, у цэнтральным архіве КДБ – даюць. У Гомлі – не. Колькасці звестак пра рэпрэсаваных менавіта ў Гомлі вельмі малая. Гэта значыць хутчэй за ўсё, што база няпоўная», кажа даследнік сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Станкевіч.
На мапе Беларусі прынамсі 17 меркаваных месцаў пахаванняў расстраляных карнікамі НКВД, і некалькі архіваў, у якіх захоўваюцца звесткі пра рэпрэсаваных. Архівы КДБ з асабістымі справамі рэпрэсаваных. Найбуйнейшая база – месціцца ў Нацыянальным архіве Беларусі – гэта 180 тысяч прозвішчаў, доступ да якіх з адкрытага змяніўся на «службовы» у 2018-ым.
«Чаму нацыянальны архіў схаваў гэтую базу? Яны ў кулуарах тлумачылі гэта тым, што людзі пачалі выкарыстоўваць даведкі аб рэпрэсаваных сваяках, каб атрымліваць карту паляка. Таму што шмат у каго ў графе нацыянальнасць было пазначана »паляк«», – даведаўся Ігар Станкевіч.
Гісторыкі насуперак дзяржаве ў апошнія дзесяцігоддзі па крупінах збіралі інфармацыю і выдавалі кнігі пра ваенныя злачынствы ўсходняй суседкі. Але поўныя звесткі будуць абнародаваныя толькі пасля змены ўлады.
Юлія Цяльпук, «Белсат»