Змаганне за Чырвоны Касцёл працягваецца


Не чуць званоў, не свецяцца крыжы, пажоўклае лісце навокал. Тэрыторыя вакол касцёлу не прыбіраецца. Адказная за гаспадарчае вядзенне «Менская спадчына» ад простых адказаў на пытанні ўхіляецца: «Афіцыйна можаце звярнуцца лістом, вам адкажуць. Ніякай інфармацыі па гэтаму пытанню няма. Я адказала на ваша пытанне».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ксёндз-пробачш Чырвонага касцёлу Уладзіслаў Завальнюк змагаецца за вяртанне Святыні вернікам. Досвед негвалтоўнага супраціву ў каталіцкіх святароў ёсць яшчэ з савеціх часоў. Тады многія храмы былі зачыненыя і святары, каб хоць неяк іх даглядаць, мусілі ўладкоўвацца або дворнікамі, або вартаўнікамі. Журналіст Белсату Вітаўт Сіўчык ведае падрабязнасці:

«Наогул варта згадаць, што ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк акурат вельмі моцна змагаўся падчас Савецкага Саюзу за тое, каб каталікі мелі магчымасць вызнаваць сваю веру. Ён за гэта быў сасланы ў Казахстан у 1970-ыя гады. У 1980-ыя за тое, што ён быў каталіцкім святаром, у Латвіі яго ўвогуле пасадзілі ў псіхіятрычны шпіталь. Гэта чалавек, які сапраўды сваім прыкладам даказаў, што для яго значыць каталіцкая вера, вера ў Бога».

Ужо амаль два месяцы людзі не моляцца ў сваёй святыні. Для большасці гэта асабісты боль. Бо з Чырвоным касцёлам звязаныя дзясяткі гадоў жыцця: шлюб, хрост дзяцей, развітанне з роднымі. Многія актыўна ўдзельнічалі ў жыцці парафіі. Касцёл гэта не крама, дзе атрымліваюць рэлігійныя паслугі, кажуць парафіяне. «Белсат» запытаўся ў людзей пра іх стаўленне да рэакцыі касцельных уладаў і нунцыя антэ Ёзіча.

Парафіянін № 1:

«Касцельныя ўлады, думаю, не ўсё зрабілі дзеля вяртання касцёлу. Трэба шукаць асабістай сустрэчы з Лукашэнкам. Зло дабром перамагай. Трэба евангелізаваць такім чынам Лукашэнку. Не баяцца».

Парафіянка № 2:

«Рэакцыя нунцыя па меншай меры здзіўляе. Вядома, ён чыноўнік. Але гэты чыноўнік не з гарвыканкаму, ён пасланнік Ватыкану, той, хто павінен бараніць касцёл у Беларусі. І ён, не размаўляўшы ні з адным прадстаўніком парафіі, не ўнікаючы ў сапраўдныя абставіны і падзеі з нашым касцёлам, уступае ў нейкія незразумелыя «канструктыўныя дыялогі», якія выглядаюць як рэверансы з ягонага боку і дуля з макам – з другога».

Чаму менавіта так рэагуюць афіцыйныя прадстаўнікі касцёлу і прадстаўнікі Ватыкану? Паводле Хрысціянскага дэмакрата Дзяніса Садоўскага:

  • «Канешне ж, і Ватыкан, і касцёльныя ўлады глядзяць не толькі на будынак, які забралі. А на тыя 430 касцёлаў, якія ў іх ёсць па ўсёй краіне».

У пачатку лістапада парафіяне Чырвонага касцёлу атрымалі адказ ад упаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака. Маўляў, Менскі гарвыканкам гатовы даць шэраг памяшканняў для часовага правядзення службаў і просіць прабачыць за часовыя нязручнасці. Наколькі часовыя?

Датэлефанаваліся да намесніцы ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Алены Радчанкі:

«Вырашана камісію стварыць, каб адчыніць касцёл і забраць маёмасць, але пакуль царква не рэагуе, што можна сказаць. Што да тэрмінаў рамонту: для таго, каб ён ажыццяўляўся, неабходна вынесці маёмасць, якая перашкаджае правядзенню работаў».

Паводле Алены Радчанкі, з удзелам нунцыя і мітрапаліта была праведзеная нарада. «Белсат» спрабаваў звязацца з нунцыятурай, аднак з адказнай асобаю нас гэтак і не злучылі. Пры гэтым вернікам забараняюць маліцца нават на тэрыторыі каля касцёлу.

Каталіцкіх святароў арыштоўваюць і штрафуюць. Чым абгрунтаваны гэткі ціск? Пётр Рудкоўскі адказвае:

«Не толькі звязанае з наездам на частку каталіцкай супольнасці, каторая вызначалася грамадскай, культурнай, палітычнай актыўнасцю, аднак хутчэй за ўсё частка разборак унутры дзяржаўных структураў. Каталікі ёсць унутры дзяржаўных структураў практычна ўсіх, нават трошкі ёсць унутры КДБ».

«Відавочна, што яны хочуць “нармалізаваць” хрысціянскую супольнасць на Беларусі. Як яе нармалізаваць, таксама ўмоўна, каб яна не ўлазіла ў палітыку. Хіба гэта асноўнае. Каб сапраўды прыбралі розныя намёкі, каб ксяндзы там падчас набажэнстваў не ўзгадвалі палітвязняў»., – дадае Дзяніс Садоўскі.

Пабудаваны ў 1910-ым годзе на сродкі мецэната Эдварда Вайніловіча касцёл Святых Сымона і Алены перажыў дзве сусветныя вайны і чырвоны тэрор. Некалькі разоў быў на валаску ад зносу ці перабудовы пад грамадскі аб’ект. Аднак актыўны супраціў грамадскасці здолеў пераламаць сітуацыю нават за савецкім часам.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»