Наколькі Беларусь уцягнутая ў вайну?


Больш за 3000 жаўнераў. Столькі, паводле ўкраінскай выведкі, перакінула Расея ў Беларусь. Менск жа казаў, што чакае 9000.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Урэшце заяўленая лічба 20 000, якая таксама гучала, будзе дасягнутая», – лічыць украінскі вайсковы эксперт Ігар Леўчанка.

Але трэба час, каб арганізаваць інфраструктуру. Пакуль жа гэтыя некалькі тысяч і будуць яе рыхтаваць, лічыць эксперт:

«Ёсць зноў-такі інфармацыя пра тое, што яны будуць праходзіць нейкую падрыхтоўку на палігонах Беларусі. Але на якім узбраенні, на якой тэхніцы?»

У выведцы Украіны падкрэслілі, што пагроза ўварвання застаецца, але адметна тое, што ўвозіцца ў Беларусь толькі чалавечы рэсурс, а не тэхніка.

Пра магчымую мабілізацыю сведчыць паведамленні пра выклік у ваенкаматы, нібыта каб спраўдзіць звесткі. Дзеля гэтага ў Менскай вобласці з 13 лістапада да 30 снежня правядуць кантрольнае апавяшчэнне ваеннаабавязаных. А беларусы ўсё часцей атрымліваюць позвы: «з’явіцца для ўдакладнення». Нашыя гледачы таксама паведамлялі пра выклік у ваенкамат:

«Прыйшла позва для ўдакладнення дадзеных, потым хацелі даць позву на зборы. Я адмовіўся, яны моцна не супраціўляліся».

«Лепшага сябра брата збіраюць на зборы, служыў у спецназе, выведка. Летась яго таксама забіралі».

«Адной знаёмай тэлефанавалі, пыталіся пра мужа, каб удакладніць звесткі».

Прапаганда ж абвастрае сітуацыю і абвінавачвае заходніх суседзяў. Вось кавалак учорашняга эфіру СТВ:

«Вось так выглядае адваротны бок мяжы з Польшчай. Як бачым, суседзі ўзмоцнена ўзбройваюцца, пры гэтым робяць вялікія вочы, калі назіраюць за беларускім узмацненнем. Якое прывітанне – такі адказ. Не мы пачалі ляскаць і мерацца гарматамі, але нам адназначна ёсць што паказаць».

А гэта сённяшні сюжэт ВаенТВ:

«Па неафіцыйных каналах Менск папярэдзілі аб магчымым нанясенні ўдару з тэрыторыі паўднёвай суседкі».

Кіраўнік праграмаў па бяспецы Цэнтру глабалістыкі Паўло Лакійчук лічыць, што позвы сапраўды могуць абярнуцца мабілізацыяй, але пакуль яўных праяваў няма. Лукашэнка ўсё ж намагаецца лавіяваць і захаваць уладу, нягледзячы на чаканні Пуціна:

«Беларусь здзяйсняе пастаўкі боепрыпасаў, пастаўкі тэхнікі ў Расею. Гэта нетыповыя паводзіны для краіны, якая рыхтуецца напасці на суседзяў».

Але магчыма, завозяць беспілотнікі. Пра гэта паведамілі ў ранішняй зводцы Генштаб ЗСУ:

«У вёсцы Мікулічы Гомельскай вобласці заўважаная група іранскіх інструктараў, афіцэраў Корпусу вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, якія пад узмоцненай аховай расгвардзейцаў і супрацоўнікаў ФСБ».

Яшчэ тыдзень таму ў абстрэле Кіева падазравалі беспілотнікі, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі. Паўло Лакійчук не можа ацаніць, ці праўда гэта, маўляў, такія звесткі – толькі ў выведкі. Але звяртае ўвагу, што супрацьпаветраная абарона заўсёды мусіць быць напагатове, бо правакацыя можа перарасці ў сапраўдны напад:

«Некалькі тыдняў таму два расейскія самалёты адпрацоўвалі на тэрыторыі Беларусі вучэбны бой, пасля чаго расейцы павярнуліся ў бок Украіны і здзейснілі рэальны пуск ракетаў, і гэта аказалася ў пэўнай ступені нечакана».

Выведка Вялікай Брытаніі паведаміла, што Расея выкарыстоўвае іранскія беспілотнікі, бо ўжо не хапае ракетаў. Тым часам украінскія вайскоўцы асцерагаюцца ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі. Са спасылкаю на валанцёраў яны паведамілі, што расейскія войскі кантралююць авіябазы ў Баранавічах і Лідзе.

Яна Шэк, «Белсат»