Хто будзе бараніць адвакатаў?


Хто абароніць чалавека ў Следчым ізалятары, калі ягоны юрыдычны абаронца – у суседняй камеры? У Беларусі склалася катастрафічная сітуацыя з адвакатамі. Як даведаўся «Белсат» са сваіх крыніцаў, юрыдычную дапамогу – нават у непалітычнай справе – немагчыма атрымаць прынамсі ў двух гарадах. Юрысты з ініцыятывы «Права на абарону» кажуць, што гэтая бяда пашыраецца паўсюдна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Менскім гарадскім судзе распачаўся працэс супраць адваката. Аляксея Бародку абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці. Яго затрымалі напрыканцы студзеня, і ўтрымлівалі ў Следчым Ізалятары сталіцы на вуліцы Валадарскага. Аляксею Бародку пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы. Суддзя – Таццяна Фалькоўская.

Раней тая ж Фалькоўская асудзіла адваката Аляксандра Данілевіча на 10 гадоў пазбаўлення волі за юрыдычную дапамогу Аляксандру Апейкіну і Аляксандры Герасімені з Фонду спартовай салідарнасці.

Калі адвакатаў саджаюць у турму за адвакацкую дзейнасць, то не дзіва, што з небяспечнай прафесіі сыходзяць масава.

«У некаторых раёнах Беларусі ўвогуле няма адвакатаў у юрыдычнай кансультацыі. Не могуць знайсці туды людзей. Напрыклад, у раёне 10 тысячаў чалавек жыве, і яны не маюць зусім адвакатаў у непасрэднай блізкасці», – кажа беларускі адвакат Дзмітрый Лазавік, якога пазбавілі ліцэнзіі.

Як раней падлічыла ініцыятыва «Права на абарону», цяпер у Беларусі ўсяго 1650 адвакатаў. Хаця яшчэ 6 гадоў таму іх было 2127, а летась – 1872.

У цэлым пасля прэзідэнцкіх выбараў і пачатку масавых рэпрэсіяў пад пераслед трапілі 111 адвакатаў, з іх 11 – пад крымінальныя справы. Дзясяткі адвакатаў пазбавілі права на працу дзяржаўныя камісіі.

Яшчэ адна прычына сыходу: пасля так званай рэформы адвакатуры ім забаранілі ажыццяўляць дзейнасць у складзе адвакацкіх бюро і індывідуальна. Таму шмат адвакатаў сышлі ў юрысты. Праўда, і там ім цяпер давядзецца здаваць экзамен адмысловай дзяржаўнай камісіі.

«Гэта не іспыт, гэта інструмент для фільтрацыі. І тых адвакатаў або юрыстаў, якія неяк удзельнічалі ў пратэстах, у абароне палітзняволеных, неяк змагаліся за правы людзей у 2020-м годзе, мне дакладна вядома, што яны дагэтуль трапляюць пад рэпрэсіі і не здаюць гэтыя іспыты», – падкрэслівае Дзмітрый Лазавік.

Чаму кваліфікаваныя юрысты сталі мішэнню для міліцыі, спецслужбаў і рэпрэсіўнага апарату? Бо адвакаты адным сваім існаваннем перашкаджаюць міліцэйскаму бязмежжу.

«Калі ты ў Следчым ізалятары, то няма спатканняў, лісты даходзяць вельмі кепска. І ні сваякі, ні ўвесь свет не можа даведацца, што з табой адбываецца. І адвакат – гэта сувязь. Да нас з Кацяй адвакат прыходзіў вельмі часта», – распавядае журналістка «Белсату» Дар‘я Чульцова.

Нашая калега Дар‘я Чульцова 2 гады правяла за кратамі за тое, што разам з журналісткай Кацярынай Андрэевай выконвала сваю працу – як аператар асвятляла ў жывым эфіры пратэсты супраць міліцэйскага садызму 2020 года.

«З адвакатам абмяркоўваеш апошняе слова, абмяркоўваеш, як сябе будзеш паводзіць, што там трэба казаць, чаго казаць не варта. Яны – дапамога, псіхалагічная, юрыдычная, любая, якая спатрэбіцца ў СІЗА ці ў калоніі», – з цеплынёй кажа пра адвакатаў Дар’я Чульцова.

У Беларусі чым далей, тым больш палітвязняў, тым больш фактаў катаванняў за кратамі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварыў цэлы заканадаўчы арсенал, каб знішчыць любую форму апазіцыі, асабліва тых, хто супраць вайны. Пра гэта афіцыйна заяўляе Францыя на падставе справаздачы прафесара Эрвэ Асэнсьё, які вывучыў сітуацыю ў Беларусі для АБСЕ.

«Мы чарговы раз настойліва заклікаем Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязкі ды неадкладна выканаць рэкамендацыі справаздачы, высновы якой падмацаваныя доказамі, сабранымі, у прыватнасці, Міжнароднай платформай пададказнасці ў справе Беларусі, пачынаючы з вызвалення палітвязняў з гуманітарных прычынаў і забеспячэння доступу людзей пад вартай да медычнай дапамогі», – заявіла амбасада Францыі ў Менску.

Францыя асобна адзначае, што рэжым Лукашэнкі найбольш агрэсіўна ставіцца да беларусаў, якія выступаюць супраць расейскага ўварвання ва Украіну.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»