Флагман Чарнаморскага флоту Расеі выведзены са строю


Ракетны крэйсер «Масква» трапіў пад удар супрацькарабельных ракетаў – паведамляюць украінскія ўлады. Як адзін з самых магутных караблёў Расеі пацярпеў паразу? Як яго пашкоджанне адаб’ецца на хадзе вайны?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пажар на флагмане Чарнаморскага флоту, ракетным крэйсеры «Масква» – лакалізаваны, выбухі боепрыпасаў спыніліся – паведаміла расейскае Міністэрства абароны.

«Крэйсер “Масква” захоўвае плывучасць. Асноўнае ракетнае ўзбраенне не пашкоджанае. Экіпаж крэйсера быў эвакуяваны на караблі Чарнаморскага флоту, якія ёсць у раёне», – паведаміла расейскае вайсковае ведамства.

Эвакуацыі экіпажу і тушэнню пажару перашкаджалі начная цемра і шторм. Патушыць пажар на караблі даўжынёю з два футбольныя палі і экіпажам з пяцісот маракоў намагаліся некалькі гадзінаў. Як заяўляе Крэмль, спецыялісты шукаюць спосаб адбуксіраваць «Маскву» ў порт і высвятляюць прычыны пажару. Прычына ва ўдары ўкраінскімі супрацькарабельнымі ракетамі – заявілі ўкраінскія вайскоўцы.

«Крэйсер “Масква” быў удараны супрацькарабельнымі ракетамі “Няптун”. Флагман Чарнаморскага флоту Расеі атрымаў сурʼёзныя пашкоджанні. Пачаўся пажар. Іншыя караблі спрабавалі надаць дапамогу, але шторм і магутны выбух боепрыпасаў перакулілі карабель, і ён пачаў тануць», – паведаміў прадстаўнік паўднёвага ваеннага камандавання ЗСУ.

«Масква» – той самы расейскі ваенны карабель, які 24 сакавіка прапаноўваў здацца маленечкаму ўкраінскаму гарнізону на востраве Змяіны – гавораць у Кіеве. Гэта адзін з чатырох ракетных крэйсераў у складзе расейскага флоту. Карабель удзельнічаў у войнах Расеі ў Грузіі ды Сірыі. Яго галоўная мэта – не наземныя абʼекты, а марскія. Асноўнае ўзбраенне «Масквы» складаецца з 16 пускавых установак супрацькарабельных ракетаў «Вулкан» і цэлых 64 установак супрацьпаветраных ракетаў С-300.

«Быў шторм, ва ўмовах шторму выявіць нізкалётныя супрацькарабельныя крылатыя ракеты вельмі складана, бо хвалі ствараюць перашкоды, і выкрыць такі аб’ект практычна немагчыма», – тлумачыць эксперт украінскага Цэнтру даследавання арміі, канверсіі і раззбраення Ігар Леўчанка.

У атацы быў задзейнічаны беспілотнік «Байрактар», а затым у крэйсер ударылі дзве ўкраінскія ракеты – паведамляе агенцтва УНІАН, спасылаючыся на расейскія вайсковыя паблікі. Паводле вайсковага ведамства ЗША, пашкоджаны карабель цяпер за 90 кіламетраў на поўдзень ад Адэсы і спрабуе сваім ходам дабрацца да Севастопалю.

«Нанесеныя крэйсеру пашкоджанні – з дэтанацыяй боекамплекту і моцным пажарам – прыводзяць да даволі вялікіх стратаў у асабовым складзе», – адзначае Ігар Леўчанка.

Расейскі флот – другі паводле танажу ў свеце пасля амерыканскага. У яго складзе – 603 баявыя караблі. Ва Украіны пасля анексіі Крыму засталося толькі 25 караблёў. Супрацькарабельныя ракеты краіна пачала распрацоўваць з нуля. Тым не менш, ёй удаецца супрацьстаяць расейскай армадзе.

24 сакавіка ракетаю «Точка-У» ўкраінскае войска знішчыла расейскі дэсантны карабель «Саратаў» і пашкодзіла яшчэ два. 4 красавіка ўкраінскія медыі заявілі пра пашкоджанне найноўшага варожага фрэгата «Адмірал Эсэн». Расейцы, у сваю чаргу, знішчылі 5 невялікіх украінскіх катэраў і захапілі 4. Самая значная страта Украіны – фрэгат «Гетман Сагайдачны». Карабель быў на рамонце ў порце Мікалаева і быў затоплены экіпажам, каб не трапіць у рукі ворага. Страты расейцаў больш сурʼёзныя.

Чарнаморскі флот і стратэгічныя бамбавікі згубілі свой супрацьпаветраны парасон над Чорным морам.

«Цяпер расейскія караблі будуць дзеяць на поўдзень ад Крыму і, магчыма, нават на паўднёвы ўсход ад Крыму, гэта значыць, памяняюць аперацыйную зону. Гэта рэзка палепшыць як мінімум суднаходства. Нельга выключаць нават магчымасці транспартавання грузаў ва Украіну марскім шляхам», – прагназуе Ігар Леўчанка.

Гэта не першая параза элітных расейскіх войскаў. На Сумшчыне ўкраінская армія змусіла ўцякаць знакамітую Канцяміраўскую танкавую дывізію. Пад Гастомэлем і Васільковам паразу пацярпелі Пскоўская і Ульянаўская дэсантныя дывізіі. Пра гэтыя дасягненні паведамлялі ўкраінскія вайскоўцы.

Вайскова-аналітычны блог «Oryx», які падлічвае страты на падставе фота і відэа, высветліў, што Крэмль ужо страціў ва Украіне не менш за 460 танкаў. Гэта пятая частка расейскага арсеналу. Паводле таго ж «Oryx», украінскі танкавы арсенал, які налічваў 870 машынаў, дзякуючы трафеям стаў на 43 танкі большым, чым да вайны.

Аляксандр Папко, «Белсат»