Дэмакратычныя сілы пачалі працу дзеля далучэння Беларусі да Рады Еўропы


У Страсбуры ўпершыню ў гісторыі сабралася кантактная група арганізацыі з беларускімі палітыкамі. Паседжанне адкрылі генеральны сакратар Рады Еўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч і Святлана Ціханоўская.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Беларускае грамадства не хоча прымаць удзелу ў гэтай вайне. Каля 90% беларусаў выступаюць супраць удзелу беларускага войска ў вайне супраць Украіны. Лукашэнка вельмі стараецца стварыць вобраз знешняга ворага, ён спрабуе пераканаць беларусаў, што Украіна – наш вораг і збіраецца напасці на нас. І менавіта таму так важныя медыі і тэхналогіі, каб адукаваць людзей і паказваць ім рэчаіснасць. Таму мы стараемся супрацоўнічаць з ІТ-кампаніямі, каб яны дапамаглі нам змагацца з прапагандай, а таксама прасоўваць нашую мову і нацыянальную ідэнтычнасць», – сказала Святлана Ціханоўская на сустрэчы.

Шмат якія эксперты гэтую сустрэчу назвалі беспрэцэдэнтнай. Чаму?

«Цяжка сабе ўявіць, што міжурадавая арганізацыя можа супрацоўнічаць з кімсьці, хто будзе прадстаўляць народ нейкай краіны, апрача ўраду. У нашым выпадку менавіта так і здарылася, што Рада Еўропы супрацоўнічае з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасці, якія дэ-факта ў разуменні Рады Еўропы прадстаўляюць народ Беларусі», – распавёў спецпрадстаўнік Святланы Ціханоўскай па выбарах Аляксандр Шлык.

Рада Еўропы – гэта найстарэйшая на кантыненце міжнародная арганізацыя. Яна стварыла і ўхваліла Еўрапейскую канвенцыю аб абароне правоў чалавека. Каб быць чальцом Рады Еўропы, краіны мусяць абавязкова адмовіцца ад смяротнага пакарання. Беларусь жа – адзіная ў Еўропе краіна, дзе людзей забіваюць ад імя дзяржавы. І відавочна, што пры Лукашэнку ніякай гаворкі аб скасаванні смяротнай кары не будзе. Што дасць Беларусі супраца дэмакратычных сілаў і Рады Еўропы?

«Нас спрабуе задушыць Лукашэнка. Спрабуе задушыць Пуцін. З інфармацыйнага парадку дня мы зніклі праз вайну ва Украіне. Лукашэнку вельмі камфортна хавацца за вайной ва Украіне і праводзіць рэпрэсіі пад шумок вайны. Ну, а мы будзем казаць: не, мы тут, мы яшчэ тут. Людзей катуюць у турмах. Людзям на зямлі трэба дапамога. Трэба дапамога і палітвязням, трэба і дапамога партызанам, якія змагаюцца. І нарэшце будзе пляцоўка, праз якую мы зможам гэта рабіць кожны божы дзень», – распавёў старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Адна з асноўных структураў Рады Еўропы – Еўрапейскі суд правоў чалавека. Ён кантралюе выкананне Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодах, прымаючы да разгляду скаргі аб яе парушэнні. Ці змогуць беларусы звяртацца ў гэты суд пасля сённяшняй сустрэчы?

«Каб быць падсудным, трэба ўступіць у Раду Еўропы і прытрымлівацца Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека. І вось менавіта праз гэта быць падсудным гэтаму самаму Суду правоў чалавека. Гэта ўсё яшчэ наперадзе, перад намі. І, як я казаў, гэта нашая стратэгічная цэль, каб Беларусь уступіла ў Раду Еўропы. Але гэта не здарыцца зараз», – кажа Аляксандр Шлык.

На думку палітычнага аглядальніка «Белсату» Віталя Цыганкова, вельмі важна, што працягваецца выдаленне прадстаўнікоў нелегітымнага рэжыму з розных міжнародных пляцовак.

«Тут варта падзяліць два аспекты. Першае, што для шырокіх народных масаў, для людзей унутры Беларусі гэта не мае такога важнага і вызначальнага сэнсу. Але гэта тая частка палітыкі, якая, можа, не настолькі знешне прыкметная, але дастаткова важная і істотная», – мяркуе Цыганкоў.

Беларусь – адзіная краіна на кантыненце, якая не ўваходзіла ў Раду Еўропы. У сакавіку гэтага года з арганізацыі выключылі Расею за поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, а з Беларуссю спынілі ўсе стасункі праз суўдзел у агрэсіі.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»