Чаму рэжым Лукашэнкі ігнаруе масавую эміграцыю?


Пераважная большасць беларусаў задаволеная жыццём у сваёй краіне і не збіраецца эміграваць – нядаўна заявіла афіцыйная сацыялогія. Аднак апошнія тэндэнцыі на рынку нерухомасці і ацэнкі незалежных аналітыкаў паказваюць, што лік грамадзянаў, якія пакінулі Беларусь пасля падзеяў 2020-га года, ідзе на сотні тысячаў. Чаму ўлады робяць выгляд, што нічога не заўважаюць? І як масавая эміграцыя адаб’ецца на развіцці Беларусі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

30 % кватэраў у Менску цяпер прадаюцца праз даверанасці, паведамляе адно са сталічных агенцтваў нерухомасці. Хоць яшчэ ў 2019-м годзе гэта паказнік складаў 3-5%. Ды на аднаго пакупніка цяпер – ад 5 да 10 прапановаў. Падобна, усё больш людзей выязджае за мяжу надоўга. Хаця дзяржаўныя медыі, на прыкладзе каналу ОНТ, кажуць пра адваротнае. Паводле свежага тэлефоннага апытання інстытуту сацыялогіі Акадэміі навук, не плануюць зʼязджаць з Беларусі больш за восемдзесят шэсць адсоткаў жыхароў.

«Пры тэлефонных апытаннях узровень страху, калі людзі адказваюць не тое, што думаюць, значна большы, чым пры іншых варыянтах даследаванняў», – кажа Генадзь Коршунаў – сацыёлаг, старэйшы даследнік Цэнтру новых ідэяў.

Вернемся да рынкаў нерухомасці. Летась у Польшчы беларусы сталі трэцімі сярод замежнікаў паводле колькасці набытых кватэраў і дамоў. Дый адной Польшчай міграцыя нашых суайчыннікаў не абмяжоўваецца.

«150, 200, а то і 300 тысячаў беларусаў, што зʼехалі пасля падзеяў 20-га года, – гэта цалкам магчыма. Але мы цяпер не маем магчымасці сказаць больш дакладна. Таму звычайна кажуць пра “вілку” ад 150 да 500 тысячаў», – кажа Генадзь Коршунаў.

Апытанне ў сацсетках «Белсату» паказвае, што каля 30 % нашых гледачоў і чытачоў ужо выехала з Беларусі. Яшчэ 15 плануе такі крок. А ўвогуле не думалі пра яго менш за 4 %. Сам Лукашэнка, аднак, небывалыя маштабы эміграцыі адмаўляе.

А прапаганда кажа, што пераважная большасць беларусаў задаволеная жыццём ва ўласнай краіне.

«У межах выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак нам насельніцтва адказала, што сваім жыццём у Рэспубліцы Беларусь задаволеныя 88 % асобаў», – заявіла ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання кіраўніца «Белстату» Іна Мядзведзева.

«Гэтае запэўніванне ў тым, што эміграцыі няма, – дэманстрацыя таго, што ў нас усё добра. І эканоміка працуе, і людзі жыццю радуюцца. І ніхто з краіны не збягае», – мяркуе палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юры Дракахруст.

Насамрэч для эканомікі такая масавая эміграцыя – сурʼёзная пагроза, адзначае Анастасія Лузгіна, старэйшы навуковы працаўнік «BEROC».

«Калі мы страчваем працоўныя рэсурсы як адзін з фактараў развіцця эканомікі, гэта вядзе да таго, што гэтая абмежаванасць рэсурсаў вымушае абмежавана працаваць эканоміку», – кажа Анастасія Лузгіна.

Пацярпіць і пенсійная сістэма, кажа эканамістка. Колькасць пенсіянераў расце, а пенсіі ім выплачваюць з унёскаў тых, хто цяпер працуе. А за апошнія тры гады занятых у беларускай эканоміцы паменела на 150 тысячаў. У тым ліку праз міграцыю. Яна будзе замаруджваць развіццё краіны нават пасля дэмакратызацыі, мяркуе Юры Дракахруст.

Улады ў пэўнай меры турбуе страта працоўных рэсурсаў, але яна не перакрывае выезду з краіны, заўважае аглядальнік. Бо эміграцыя змяншае пратэсны патэнцыял унутры краіны, а рэжыму гэта цяпер важней.

Валянцін Васіленка, «Белсат»