Ці чакаць Украіне дапамогі ад ЗША?


Праз некалькі гадзінаў Уладзіміру Зяленскаму давядзецца адказваць на пытанні амерыканскіх сенатараў. Ад адказаў залежыць, ці нададуць Злучаныя Штаты дапамогу Украіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Яны жадаюць пачуць, як мы будзем весці баявыя дзеянні. Якія ў нас ёсць планы. План максімум. План такі сабе. І план увогуле мінімум-мінімум. Калі негатыўная сітуацыя пойдзе, то што мы будзем рабіць. Колькі мы плануем ваяваць, на якія рубяжы выйсці. Што ў нас ёсць зараз з тэхнікі. Што нам яшчэ патрэбна. Ці могуць ЗША гэта даць. І самае галоўнае: ці ёсць палітычная воля ўнутры краіны, сысці, я прашу прабачэння, ад срача, які ёсць», – кажа экс-працаўнік СБУ і вайсковы эксперт Іван Ступак.

Іван Ступак мае на ўвазе імаверны канфлікт паміж Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным, пра які апошні месяц пішуць уплывовыя заходнія медыі.

«Злыя языкі сцвярджаюць, што гэта ўсё з-за рэйтынгаў. З-за рэйтынгаў, з-за таго што ў самым пачатку вайны спадар Залужны, а нехта яму параіў, нейкі злы дарадца, стварыць фонд свайго імя. Фонд імя Залужнага, які напампоўваў бы грошы і акумуляваў для вайскоўцаў. І зноў жа злыя языкі сцвярджаюць, што першым унёскам у гэты фонд былі грошы ад Пятра Парашэнкі. Былога прэзідэнта Украіны», – тлумачыць Іван Ступак.

Паплечнік Пятра Парашэнкі, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка ў гэтыя хвіліны – з працоўным візітам у Вашынгтоне. Ён пацвярджае, што складанасці ў стасунках паміж Зяленскім і Залужным выклікаюць непакой амерыканскіх палітычных элітаў:

«Гэта не вельмі добрая для нас сітуацыя. І нам трэба максімальна дэманстраваць адзінства. І ўнутры палітыкума. І паміж палітыкамі і вайскоўцамі. І ў грамадстве. Гэта для нас – залог поспеху. На жаль, тут ёсць пытанні, як сваю палітыку выбудоўвае ўласна кажучы Уладзімір Зяленскі. Ён не стварыў урад нацыянальнага адзінства, як гэта калісьці рабіў Чэрчыль ці зараз робіць Нэтаньягу».

Уладзімір Зяленскі.
Фота: УНІАН

Падчас заўтрашняга галасавання вызначыцца лёс дапамогі Украіне памерам больш за 61 мільярд долараў. Законапраект аб дапамозе Украіне залучаць у адзін пакет з дапамогай Ізраілю і Тайваню. А таксама, на просьбу рэспубліканцаў, дададуць рэформу эміграцыйнай палітыкі ў ЗША, што дазволіць абараніць мяжу Злучаных Штатаў і Мексікі. Нашыя эксперты ўпэўненыя, што сенатары прагаласуюць за дапамогу станоўча. У адваротным выпадку…

«Калі ўвогуле нічога не будзе – то гэта перамога Пуціна. Вось і ўсё. А калі будзе там часткова, то гэта будзе азначаць, што Украіна, так, здольная далей абараняцца, але не здольная вызваліць сваю тэрыторыю», – кажа Аляксей Ганчарэнка.

Сёння ў стасунках Украіны і ЗША – важная дата. 5-га снежня 1998-га года паміж Кіевам і Вашынгтонам было падпісанае пагадненне, якое абавязала Украіну ўтылізаваць 44 стратэгічныя бамбавікі Ту-22 і 1068 крылатых ракетаў Х-55.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»