Як уплываюць цэны на нафту на Расею і Беларусь


Забарона паставак нафты праз мора – гэта не толькі абмежаванне закупаў, але і транспартавання, фінансавання і страхавання. Хто купляе нафту – няважна. Такім чынам, эмбарга закране не толькі Еўразвяз, але і, напрыклад, пастаўкі ў Азію. Расеі давядзецца шукаць замену еўрапейскім страхавальнікам, трэйдарам і танкерам. Яна можа страціць трэцюю частку экспарту.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І для Пекіну, і для Дэлі любое ўзаемадзеянне з Расеяй становіцца больш праблематычным – яны вымушаныя азірацца на заходнія санкцыі», – лічыць палітычны аглядальнік Канстанцін Эгерт.

Задзеяла і столь цэнаў на расейскую нафту. У суботу Еўразвяз усталяваў кошт 60 долараў за барэль. Рашэнне падтрымалі Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Аўстралія і Японія. Яна ж зрабіла выключэнне для нафты з заводу «Сахалін-2».

Украіна раскрытыкавала рашэнне. Уладзімір Зяленскі заявіў, што столь надта высокая, і Расея будзе атрымліваць 100 більёнаў долараў за год. І лепей бы прынялі прапанову Польшчы ды краінаў Балтыі – 30 долараў за барэль. З гэтым пагаджаецца расейскі апазіцыйны палітык Леанід Неўзлін:

«Паколькі Польшча прапаноўвае 30 долараў – і гэта дастаткова для Расеі для атрымання прыбытку пры сабекошце каля 20 долараў за барэль. Мне здаецца, што гэтая цана, калі яны пойдуць гэтым шляхам, самая справядлівая і больш за ўсё нанясе шкоду Расеі».

Пра рэальны ўплыў санкцыяў можна сказаць, параўноўваючы не толькі з сабекоштам, але і з ранейшаю цаною на рынку. Гэтак, у пятніцу барэль расейскай нафты каштаваў на 4 долары больш за цяперашнюю столь. Агулам жа цана магла быць нават меншай за шэсцьдзесят долараў, – звяртае ўвагу эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Калі расейская нафта ўжо гандлявалася па 51–50 долараў, Еўрапейскі Звяз усталёўвае 60 долараў столь. Гэта пра што? Гэта пра тое, што не хоча Еўразвяз катэгарычна і рашуча дзейнічаць для таго, каб абваліць асноўную крыніцу фінансавай падтрымкі краіны-агрэсара».

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што краіна не прыме столь цэнаў на нафту, і да такога рашэння Еўразвязу ўжо рыхтаваліся. Але якім чынам пераарганізуецца праца, у Крамлі паведамяць пасля аналізу:

«Эканоміка Расейскай Федэрацыі валодае неабходным патэнцыялам для забеспячэння ў поўнай меры ўсіх патрэбаў у рамках спецыяльнай ваеннай аперацыі. І падобныя меры на гэта не паўплываюць. Але гэтыя меры адназначна паўплываюць на стабільнасць сусветнага энергетычнага рынку».

Паводле прагнозаў Міжнароднага энергетычнага агенцтва, да 2030 года ўдзел Расеі ў рынку энергетыкі скароціцца з 20 да 13 адсоткаў. Бюджэт страціць каля трыльёна долараў прыбытку з экспарту.

А як рашэнне Еўразвязу паўплывае на Беларусь? Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што хоць і нязначна, але столь на цэны бюджэт усё ж закране.

«Калі цана на нафту будзе нізкая – і на газ тады нізкая, і тады Беларусь таксама не будзе атрымліваць шмат грошай у бюджэт для падтрымкі свайго рэжыму. Таму нават калі 60 – гэта лепш, чым 70 і 80».

Але гэта не той узровень, які спустошыць гаманец Лукашэнкі. Тым больш ён зарабляе на шэрых схемах, маніпулюючы на коштах нафты.

Ад ціску на Беларусь Еўразвяз устрымаецца і ў дзявятым пакеце. Рэдактарка парталу «Хартыя-97» Наталля Радзіна лічыць, што неабходна сінхранізаваць санкцыі супраць Расеі ды Беларусі:

«Неабходна адсочваць санкцыйны рэжым, таму што праблема ў тым, што ў Еўразвязу няма нават органу, які адсочвае выкананне санкцый. Санкцыі, наколькі мы ведаем, пра што гавораць беларускія эксперты, абыходзяцца. І неабходна спыніць гэта. Ну і, вядома, важна ўводзіць другасныя санкцыі супраць дзяржаў, якія дапамагаюць рэжымам Лукашэнкі, рэжымам Пуціна абыходзіць заходнія санкцыі».

Праз тыдзень дзявяты пакет можа быць узгоднены. У санкцыйным спісе – каля 180 расейскіх банкаў, медыяў і тэхналогіяў.

Яна Шэк, «Белсат»