Куды знікае працоўная сіла?


У Беларусі змяншаецца колькасць людзей, занятых у эканоміцы. Прычым найбольшае падзенне дэманструе ІТ-сектар, які раней лічыўся ці не самым перспектыўным. У той самы час у дзяржаўнай базе значацца дзясяткі тысяч вакансіяў, якія беларусы не спяшаюцца займаць. Што адбываецца на беларускім рынку працы? Куды знікаюць працоўныя рэсурсы? Высвятлялі нашыя калегі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Яшчэ нядаўна «ўвайсці ў ІТ» было мараю многіх беларусаў. Цяпер жа гэты сектар, які раней імкліва рос, скарачаецца. Паводле падлікаў Белстату, за восем месяцаў года колькасць праграмістаў у Беларусі скарацілася амаль на 12 тысячаў асобаў. Цалкам індустрыя не знікне – прагназуе Яраслаў Кот з Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой. Але вялікіх прарываў у цяперашніх умовах чакаць не варта.

«Што рэальна адбываецца ў сферы высокіх тэхналогіяў у Беларусі, дык гэта велічэзны адток рэсурсаў. Інвестары баяцца ўкладацца, бо любы, хто інвестуе ў Беларусь або Расею, можа трапіць пад санкцыі. А то і пад крымінальную справу», – кажа Яраслаў Кот.

Паводле Яраслава Ката, беларускія інфармацыйныя тэхналогіі могуць існаваць за кошт расейскага рынку. А таксама за кошт розных схемаў, што дазваляюць абысці санкцыі ды схаваць беларускае паходжанне IT-кампаніяў. Але многія спецыялісты пакідаюць нашую краіну з меркаванняў бяспекі. Адток кадраў назіраецца і ў іншых галінах. Агулам з пачатку года ў Беларусі звольнілі на 70 з паловаю тысячаў людзей болей, чым працаўладкавалі – паведамляе Белстат. Лічбу можна параўнаць з насельніцтвам такога гораду, як Жлобін. Эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч мяркуе, што прычына скарачэння палягае ў агульным стане беларускай эканомікі.

«Несумненна, 70 тысячаў – гэта паскарэнне адмоўнай тэндэнцыі. І тое, што мы бачым на лічбах ВУП, таксама адлюстроўваецца на занятасці. Самае галоўнае, што ўплывае на падзенне ВУП, – гэта абмежаванні на беларускі экспарт у Еўразвяз, агульнае змяншэнне попыту ў Расеі ў сувязі з санкцыямі. А таксама сістэмны крызіс і адток кадраў, якія выраблялі канкурэнтаздольную прадукцыю», – мяркуе Станіслаў Івашкевіч.

Але пры гэтым электронная база Міністэрства працы прапаноўвае прыблізна сто тысяч вакансіяў. Узнікае пытанне: чаму звольненыя работнікі не спяшаюцца іх займаць?

«Дзяржава прапаноўвае вялікую колькасць вакансіяў, дзе працаваць трэба фактычна за ежу. Ну, і відавочна, што ўсё больш і больш людзей па пракладзеных сцежках не знаходзячы хлеба ўдома, шукаюць яго за мяжою», – разважае Станіслаў Івашкевіч.

Адток працоўнай сілы за мяжу пачаўся яшчэ да падзеяў 2020 года. І ён, у сваю чаргу, уплывае на стан беларускай эканомікі.

«Дэфіцыт працоўнае сілы ў Беларусі адчуваецца апошнімі гадамі. Ён звязаны са старэннем насельніцтва і працоўнай міграцыяй. Гэтыя з’явы могуць «ад’ядаць» ад росту ВУП да 0,5 % на год. Найбліжэйшым часам працэс скарачэння працаздольнага насельніцтва паскорыцца», – мяркуе Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC.

Беларускія работнікі запатрабаваныя ў краінах Еўразвязу. У першую чаргу, у Польшчы. Асабліва тыя, хто ўмее працаваць рукамі – адзначае Яраслаў Кот. Паводле розных ацэнак, працаваць за мяжою могуць ад 300 да 600 тысячаў беларусаў. Гэтак, у адной толькі Польшчы легальна працуюць болей за 90 тысяч беларусаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»