Вернуцца, адкуль прыйшлі. Літва прыняла пастанову пра вяртанне мігрантаў у Беларусь. З сённяшняга дня памежныя службы Літвы могуць не прапускаць мігрантаў, а тых, каго зловяць недалёка ад беларускай мяжы, будуць вяртаць назад.
Пастанову адразу адсылаць мігрантаў назад у Беларусь агучыла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце. Гэта звязана з тым, што міграцыйная плынь няспынна павялічваецца – і Літва больш ня можа прымаць мігрантаў у такой колькасці. Краіне патрабуецца дадатковая фінансавая дапамога для пераадолення міграцыйнага крызісу.
«Спачатку мы меркавалі, што ў Літву нелегальна прыбудзе да 8 000 чалавек, але цяпер мы бачым, што да канца гэтага года мы можам мець значна большы лік – да 10 000. У наступным годзе таксама могуць быць яшчэ 5 000. Мадэлюючы сітуацыю з улікам непрадказальных паводзінаў Лукашэнкі, мы маем дадатковую фінансавую патрэбу. І я спадзяюся, што, калі мы абмяркуем гэта на тэхнічным узроўні наступным тыднем, мы разгледзім і знойдзем магчымасці для дадатковага фінансавання, бо патрэба ў ім усё большая. Мы маем фінансавыя патрэбы на 37 мільёнаў долараў», – заявіла Агне Білатайце.
Толькі за апошнюю ноч памежнікі з дапамогаю вайсковай паліцыі і кінолагаў развярнулі некалькі групаў мігрантаў колькасцю каля ста васьмідзесяці асобаў.
«Перш за ўсё мы робім усё магчымае каб не дапусціць іхнага пранікнення на тэрыторыю Літвы, а ў тых выпадках, калі гэтага зрабіць не атрымліваецца, то ажыццяўляем так званую »працэдуру вяртання« – кажа кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас.
Са словаў віцэ-міністра ўнутраных справаў Літвы Арналдаса Абрамавічуса, вяртанне мігрантаў на тэрыторыю Беларусі – лагічны крок, паколькі менавіта ў нашую краіну зарганізаваны іхны прывоз рэгулярнымі рэйсамі з Іраку:
«…Нелегальнае перасячэнне мяжы – гэта незаконнае дзеянне. Іншыя меры па вяртанні затрыманых на мяжы прадставіць Служба памежнай аховы. У першую чаргу нелегалам, напэўна, кажуць, што яны заблукалі. Бо яны прыехалі ў цудоўную краіну Беларусь, любаваліся яе прыродай, і заблукалі, цяпер яны могуць працягнуць свой тур па Беларусі».
Тым часам еўрапейскае агенцтва бяспекі межаў «Фронтэкс», што дапамагае літоўскім памежнікам, апублікавала кадры патрулявання ў Салечніцкім раёне, на якіх групу мігрантаў суправаджае аўтамабіль з беларускага боку. У МУС Літвы зазначаюць, што падобныя машыны выкарыстоўваюць беларускія памежнікі.
Агульная колькасць затрыманых на беларуска-літоўскай мяжы з пачатку года перавысіла чатыры тысячы асобаў. Абсалютная большасць – на працягу апошніх двух месяцаў. Дзеля развязання міграцыйнага крызісу наступным тыднем адбудзецца пазачарговая сесія літоўскага сейму. Дзе сярод пытанняў будзе разглядацца нават магчымасць увядзення ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча.
Віталь Акутаў, «Белсат»