Імпарт звадкаванага газу у ЕЗ з ЗША вырас за год на 181 %


Імпарт звадкаванага газу ў краіны Еўразвязу з ЗША вырас да 7,9 мільярдаў кубічных метраў за перыяд з 25 ліпеня мінулага году па пачатак сакавіка бягучага, што складае рост на 181 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 году.

Такія лічбы агучыў афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Аляксандр Вінтэрштайн падчас брыфінгу ў Бруселі.

«З моманту прыняцця сумеснай заявы ЕЗ і ЗША 25 ліпеня 2018 году аб пашырэнні стратэгічнага гандлю, рост імпарту звадкаванага газу ў краіны Еўразвязу з ЗША вырас за год на 181 %, да 7,9 мільярдаў кубаметраў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Еўразвяз гатовы працягнуць спрашчэнне імпарту газу з ЗША, калі яны адпавядаюць рынкавым умовам і канкурэнтныя па кошце», – сказаў Аляксандр Вінтэрштайн.

Згодна з распаўсюджанымі матэрыяламі Еўракамісіі «за першыя два месяцы 2019 года аб’ём экспарту звадкаванага газу з ЗША ў ЕЗ склаў 12,6 % ад агульнаеўрапейскага імпарту газу».

25 ліпеня 2018 году кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп на тле пагрозаў амерыканскай адміністрацыі аб магчымасці ўвядзення новых гандлёвых мытаў супраць еўрапейскіх вытворцаў прынялі Сумесную дэкларацыю пра пашырэнне стратэгічнай супрацы, у тым ліку і пашырэнне гандлю ў сельскай гаспадарцы і энергетыцы. З гэтага моманту Еўракамісія рэгулярна дае справаздачу аб набыцці Еўразвязам у ЗША соевых бабоў і звадкаванага газу.

Hавiны
Расейскі газ для Беларусі сёлета патаннеў
2019.02.13 16:16

СК, belsat.eu

Стужка навінаў