Кіраўнік МУС Ігар Шуневіч заявіў, што міліцыя не вітае паслабленне адказнасці для спажыўцоў наркотыкаў.
«Паслабленне адказнасці мы не вітаем, таму што спажывец сам па сабе – гэта рынак, стварэнне наркарынку ў краіне. Не займацца ўнутраным спажываннем, а проста змагацца з каналамі – гэта занадта аднабока, плёну не дасць. Трэба разнавектарныя намаганні прыкладваць – і са спажыўцамі, і з наркадылераў, і з кур’ерамі змагацца», – цытуе Шуневіча TUT.by.
Паводле Шуневіча, «кожны наркаман за час сваёй «прафесійнай дзейнасці» ад 8 да 10 чалавек уцягвае ў спажыванне».
Нагадаем, прадстаўніцы руху «Маці-328», які аб’ядноўвае сваякоў тых, хто трапіў за краты паводле арт. 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркотыкаў), лічаць тэрміны пакарання для спажыўцоў празмерна вялікімі і актыўна выступаюць за змены ў заканадаўстве. Гэткую думку падзяляюць і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Адказваючы на пытанне журналістаў, ці магчыма зніжэнне тэрмінаў для падлеткаў, Шуневіч заявіў:
«Калі заканадаўцы палічаць, што для нейкай катэгорыі грамадзянаў гэта магчыма, я ў гэтым асабліва вялікай бяды не бачу. Але МУС не перастане працаваць з спажыўцамі, мы будзем выяўляць тых, хто спажывае наркотыкі, незалежна ад вагі, колькасці, кратнасці і г.д. Мы ініцыятарамі такога паслаблення выступаць не будзем».
Нагадаем, у снежні 2014 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў так званы «антынаркатычны дэкрэт», які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі. У наступныя гады колькасць асуджаных паводле артыкулу 328 КК РБ стала імкліва расці. Сваякі асуджаных і эксперты лічаць, што адбываецца паказальная барацьба з наркотыкамі, але пад ударам апынуліся не наркагандляры, а пераважна тыя, хто ўжываў лёгкія наркотыкі ў дробных памерах.
ІІ, belsat.eu