150-годдзе з дня нараджэння свайго правадыра камуністы адзначылі нешматлікім мітынгам ды ўскладаннем кветак. Паразважалі таксама пра Расею, ЗША і генезіс каронавіруса.
На пустой плошчы Леніна ў Горадні, каля помніку, сабралася шэсць прыхільнікаў Камуністычнай партыі Беларусі. Такую колькасць яны тлумачаць рэкамендацыяй у сувязі з сённяшняй сітуацыяй. Міліцыі ці медыкаў няма. Усё сціпла, без транспарантаў і сцягоў – адно, ускладанне гваздзікаў, завязванне чырвоных шалікаў.
– Ідэі засталіся, вірус іх не пабʼе! – кажа публіцыст Уладзімір Ягорычаў. – А калі ідэя авалодвае масай, то становіцца матэрыяльнай сілай. Рана ці позна гэта праявіцца. Нават у Расеі бачыце, што ліберальная мадэль грохнулася, нават Уладзімір Уладзіміравіч вызнаў. Тым не менш, ліберальная эвалюцыя працягваецца.
Далей ён распавядае пра апошні артыкул Генадзя Зюганава, пра нацыянальныя багацці, якія належаць кланам, мітынгі КПРФ на Далёкім Усходзе і ў Прыморʼі. Пра Беларусь чамусьці ані слова.
– Дайце нам арганізацыю рэвалюцыянераў і мы перавернем Расею! – цытуе Леніна аратар.
Запытваемся пра вірус і стаўленне да яго.
– Мне здаецца, што на гэтым ідзе спекуляцыя, – працягвае Ягорычаў. – Ёсць эканамічны крызіс: усё пачынаецца з эканомікі. А пасля пачынаецца крызіс у галовах. Вельмі добра запусціць ідэю, качку і г. д. Мне здаецца, што гэта нешта рукатворнае. Ні слова не кажуць, што амерыканцы маюць 200 тысячаў базаў і лабараторый па ўсім свеце, у тым ліку ў нашай роднай Грузіі. Чым яны там займаюцца? Можа была ўцечка!
Запытваемся, маўляў, якія ж амерыканцы, калі COVID-19 пачаў свой шлях з камуністычнага Кітаю. У прамоўцы і тут ёсць адказ:
– У Кітаі амерыканцы арандавалі ва Ўу-Хані гэтым… прызналіся нарэшце! Але кітайцы вываляць рана ці позна праўду-матку. Кітайцы перамагаюць, бо ў іх прынцып калектывізму. Арганізаваныя! А нас развучылі. Маўляў, свабоды няма, гэтага няма… Так і сядзім у ізаляцыі!
Самая маладая ўдзельніца імправізаванага мітынгу – 19-гадовая Валерыя, студэнтка Медычнага ўніверсітэту. Запытваемся, як яна ўспрымае 150-годдзе Леніна і наагул ягоную асобу.
– Ну як можна ўспрымаць дату нараджэння чалавека, з якога я бяру прыклад? – шчыра здзіўляецца Валерыя. – Ён быў вельмі ўпарты, цудоўна вучыўся і падаваў прыклад са школьных гадоў. 14 месяцаў адседзеў і выйшаў толькі больш моцны духам. З маёй групы, на жаль, 90 % не ведаюць біяграфію Леніна, не могуць патлумачыць, што такое камунізм. Хіба толькі сцяг і памятаюць.
Валерыя ўпэўненая, што вельмі добра было б нам пераняць ідэі камунізму ды прынцыпы пабудовы СССР. Разам з тым, маўляў, трэба вучыцца на памылках ды не паўтараць усё адзін у адзін.
– Сучасная Беларусь даўно захрасла на сярэдзіне – паміж капіталізмам і лібералізмам. У бліжэйшыя 10 год будзе вырашацца, пакрочым мы наперад ці назад. Іншая справа, што могуць дадацца розныя фактары. Эпідэмія, напрыклад, – лічыць дзяўчына.
Мітынг скончаны. Удзельнікі робяць агульнае фота, здаюць гальштукі ды разыходзяцца ў розныя бакі.
АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu