Хто новыя палітыкі Пашыньяна? Рэпартаж пра Арпінэ Даваян і Армэна Памбукч’яна




Былыя псіхолаг і банкір. На гэтым тыдні палітыкі армянскай партыі «Грамадзянская дамова» праводзяць фінальны этап сваёй выбарчай кампаніі ў датэрміновых выбарах у парламент Арменіі. Палітычны блок «Мой крок», у які ўваходзіць партыя Пашыньяна, выставіў больш за 180 кандыдатаў у дэпутаты. Сярод іх міністры, дэпутаты і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Да рэвалюцыі ў маладых палітыкаў было мала досведу, але гарачае жаданне змяніць краіну і цяжкая праца кампенсуюць гэта. Хто яны, лідары новай Арменіі? Рэпартаж Сяргея Пелясы, Сяргея Марчыка ды Вольгі Жарнасек.

Мы ў галоўным выбарчым штабе блоку Нікола Пашыньяна «Мой крок». Паўгода таму цэнтр рэвалюцыі мясціўся ў маленькай кватэры і быў поўны актывістаў. Цяпер гэта вялікі офіс у цэнтры гораду, але людзей тут амаль няма. Асноўная праца ідзе ў полі, на выбарчых акругах. Да выбараў – усяго некалькі дзён. І ў выбарчым штабе завяршаюцца апошнія падрыхтоўкі.

«Папка ў нас будзе складацца з выбарчага кодэксу, з двух бланкаў, у адным з бланкаў будуць пісаць вынікі – колькі асобаў прыйшло, колькі пячатак паставілі», – кажа актывістка штабу.

Барацьба за галасы ўсцяж трывае, хоць апытанні прадракаюць блоку, што кіруе, упэўненую перамогу. Адная з тых кандыдатаў, хто ладзіць у роднай Ларыйскай вобласці апошнія дні кампаніі, Арпінэ Даваян. Па адукацыі псіхолаг, пазней змяніла прафесію на бухгалтара. Пра ініцыятыву «Грамадзянская дамова» яна даведалася чатыры гады таму праз інтэрнэт і вырашыла далучыцца.

«Пасля гэтага прайшло 2-3 месяцы, і я забылася, што я нешта напісала. І раптам мне тэлефануе сам Нікол Пашыньян увечары і кажа: «Добры дзень, вам тэлефануе Нікол Пашыньян». Я кажу: «Я не веру, як гэта? Чаму ён тэлефануе мне а 10 гадзіне? – і кажу, – гэта жарт, напэўна, нехта прыкалваецца», – распавядае Арпінэ Даваян, дарадца прэм’ер-міністра, кандыдатка ад блоку «Мой крок».

Званок на той момант галоўнага апазіцыянера краіны аказаўся праўдай. Неўзабаве «Грамадзянская дамова» зладзіла першы з’езд, а праз тры гады менавіта гэтая партыя стала на чале армянскай рэвалюцыі. Цяпер Арпінэ – дарадца Нікола Пашыньяна.

«Тады ў нашай краіне была такая сітуацыя, што трэба было нешта рабіць. І хто, калі не мы? Сядзець, чакаць, што недзе нешта зменіцца – гэта ні да чаго не прывядзе. Я падумала, што я адна з іх. Я асоба, якая павінна змяніць нешта. І наша партыя была гэтай зменаю. Мы верылі, што разам мы нечага даможамся. І мы дамагліся. Пасля нашага першага з’езду мінула тры гады. І ўсё было так, як убачыў увесь свет», – працягвае Арпінэ Даваян.

Віцэ-міністр транспарту Армэн Памбукч’ян таксама стаяў ля вытокаў «Грамадзянскай дамовы», хоць свой шлях у палітыку ён пачаў нашмат раней. А да гэтага працаваў у банкаўскай сферы і займаўся крэдытамі.

«Ад 2008 года я як актывіст удзельнічаў ува ўсіх мітынгах, пратэстах. І, пачынаючы з 2008-га году, у мяне было жаданне ўдзельнічаць у розных палітычных падзеях. Ужо тады я бачыў свой шлях як палітык», – кажа Армэн Памбукч’ян, віцэ-міністр транспарту, кандыдат ад блоку «Мой крок».

Апошнія дні выбарчай кампаніі ён таксама праводзіць у кантакце з грамадзянамі. Пытаемся яго, ці можна ўжо казаць пра першыя дасягненні рэвалюцыі мінулага году.

«Цягам апошніх шасці месяцаў я меў дачыненні са шматлікімі замежнікамі і нашымі суайчыннікамі, якія жывуць за мяжой, яны цяпер упэўненыя і гатовыя рабіць інвестыцыі», – сцвярджае Армэн Памбукч’ян.

Замежныя інвестыцыі, як ніколі патрэбныя Арменіі. Арпінэ Даваян наведвае самы бедны рэгіён краіны – Ларыйскую вобласць. Роўна 30 гадоў таму, 7 снежня, тут адбыўся наймацнейшы землятрус, які забраў жыцці 25-ці тысячаў жыхароў. Яшчэ паўмільёна засталіся без даху над галавою. Шмат хто з іх усцяж жыве ў бараках, не маючы ўмоваў для нармальнага жыцця.

«Вы калі там здымалі столь разваленую, вось гэта акурат за ёй, тут», – кажа Артур Мірзаян, жыхар г. Спітак.

І паказвае на падлогу.

«Пасля землятрусу сотні жывуць у такіх умовах. Ёсць цэлыя кварталы, дзе дамкі ў нялюдскіх умовах. Хаткі без ацяплення, без гарачай вады. Ёсць шмат такіх, я не адзіны», – кажа Мірзаян.

Мясцовыя жыхары прызнаюцца, што ад былой кіроўнай партыі не раз чулі абяцанні даць новае жыллё. Цяпер – уся надзея на новую ўладу.

«Адносна выбараў у мяне, па шчырасці, вялікія спадзевы. Я ведаю, што мы выйгралі. Я давяраю Ніколу Пашыньяну. Ён – чалавек слова», – працягвае Артур Мірзаян.

Асобы, якія прыйшлі да ўлады разам з Ніколам Пашыньянам – без сумневу, цалкам новае пакаленне ў армянскай палітыцы. Інтэрвʼю з віцэ-міністрам транспарту заканчваем па дарозе на дабрачынную акцыю, дзе валанцёры збіраюць прысмакі для рэгіёнаў, што знаходзяцца каля мяжы.

«Штогод яны адвозяць шакалад нашым памежнікам і жыхарам памежных вёсак. Я штогод удзельнічаў, і сёлета буду ўдзельнічаць. Вось мы купілі шакалад, каб адвесці туды», – распавядае Армэн Памбукч’ян.

У сталіцы і ў рэгіёнах. Амаль з перамогаю ў кішэні, але яшчэ з большаю надзеяй зрабіць жыццё ў Арменіі нашмат лепшым Арпінэ спявае песню, якая стала неафіцыйным гімнам рэвалюцыі.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў