Дэмакратка Гілары Клінтан, якая прайграла прэзідэнцкія выбары ў ЗША, выказала надзею, што абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп стане паспяховым кіраўніком дзяржавы. Выступаючы перад прыхільнікамі ў Нью-Ёрку, яна яшчэ раз прызнала сваю паразу і заклікала даць шанец Трампу.
«Дональд Трамп будзе нашым прэзідэнтам, і мы абавязаныя даць яму шанец кіраваць краінай, – заявіла Клінтан. – Учора ўвечары я павіншавала Доналда Трампа і пагадзілася працаваць з ім на карысць нашай краіны».
Гілары Клінтан прызналася, што параза на выбарах стала для яе балючай.
«Гэта балюча, і яшчэ доўга будзе балюча, але памятайце: у цэнтры нашай кампаніі быў не адзін чалавек, і нават не адны выбары», – сказала Клінтан.
Палітык заклікала прыхільнікаў змагацца за свае ідэалы – сацыяльную роўнасць, раўнапраўе і свабоду веравызнання.
«Наш абавязак як грамадзянаў – стварыць моцную, больш сумленную Амерыку», – падагульніла яна, падзякаваўшы таксама Бараку і Мішэль Оўбамам.
Мільярдэр Доналд Трамп выйграў прэзідэнцкія выбары ў ЗША, якія прайшлі ў краіне 8 лістапада, стаўшы 45-м прэзідэнтам ЗША.
МЯ, паводле bbc.com