Беларускія гуманітарыі паціраюць далоні ў чаканні свежага чытання. Кніжка «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя» польскіх аўтараў выходзіць на беларускай мове. Кніга стане выратаваннем для студэнтаў і выкладчыкаў, бо адчыняе доступ да сучаснага аналізу і новых гуманітарных падыходаў.
Выданне на 600 старонак увабрала ў сябе сусветныя тэорыі і аналіз літаратуры мінулага стагоддзя. У беларускай акадэмічнай супольнасці такой кніжкі яшчэ не было. Польскія аўтары Анна Бужыньска і Міхал Павел Маркоўскі ў адной кнізе сабралі найважнейшае, што адбывалася ў гуманітарных навуках у 20-м стагоддзі ад тэорыі псіхааналізу да канцэпцыі посткаланіялізму. «Белсат» выступіў інфармацыйным партнёрам гэтага важнага праекту.
«Ёсць у нас такая праблема, яе адчуваюць філолагі студэнты і выкладчыкі, даследчыкі літаратуры і літаратары практыкі, – у нас суцэльныя прагалы ў тэорыі, у тэрміналогіі. У нас відавочны перакос інтэлектуальнай сферы, мы на 90 адсоткаў залежым ад усходніх суседзяў, ад расейскіх падручнікаў, якія могуць быць лепшымі ці горшымі, але сітуацыя зусім не гарманічная. У гэтым сэнсе кніжка, якая з’явілася, з аднаго боку, польская, а з другога – мае сусветную значнасць. Гэта вялікі збор усяго самага каштоўнага з еўрапейскіх краінаў, Амерыкі, адусюль, што мы можам старамодна назваць цэнтрам гуманітарных ведаў», – кажа Андрэй Хадановіч, паэт і перакладчык, адзін з натхняльнікаў выхаду кнігі.
Чаму такую значнасць мае тэорыя, тым больш тэорыя літаратуры, і ці не лепш не раскідвацца словамі, а адразу пераходзіць да практыкі, пісаць, ствараць? На гэтую тэму сабраліся паразважаць прадстаўнікі беларускіх гуманітарных ведаў – гісторыі, філасофіі, кінематаграфіі. Вынікае, што менавіта ад разумення тэорыі залежыць якасць практыкі, а ад выбару канкрэтных тэорыяў залежыць спосаб мыслення і спосаб дзеяння.
«Ад таго, да якіх тэорыяў мы звяртаемся, якія тэорыі мы выкарыстоўваем і як мы іх звязваем адну з адной, залежыць тое, як мы будзем бачыць нашае грамадства. Напрыклад, калі мы вызначаем людзей праз тэорыю эгаізму, то гэта будзе адна мадэль грамадства, а калі мы разглядаем людзей праз тэорыю эмпатыі, то мы будзем шукаць у грамадстве рэсурсы да эмпатыі», – кажа Вольга Шпарага, філосаф і выкладчыца Еўрапейскага коледжу ліберальных навук (ECLAB) у Беларусі.
Менавітае дзякуючы тэорыям ствараюцца новыя грамадскія інстытуты, развіваецца грамадская думка, супольнасці і далей – краіна, нацыі. Выхаваныя на марксізме, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці Беларусі ўбачаць 20-е стагоддзе з іншага боку, дзякуючы перакладу кнігі польскіх аўтараў.
«Адкуль гэтыя тэорыі прыйшлі, як яны ўпісваюцца ў мясцовы культурны кантэкст. Я думаю, што ўсе, хто будуць чытаць гэтую кнігу, будуць пра гэта думаць, асабліва тыя, хто выхаваны ў вызначанай культурнай традыцыі. Гэта вельмі накладаецца на ўспрыманне», – кажа Аляксей Братачкін, гісторык і аўтар інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», выкладчык ECLAB у Беларусі.
Кніжка «Тэорыі літаратуры ХХ стагоддзя» цікавая не толькі для літаратараў, але агулам для прадстаўнікоў усіх гуманітарных ведаў. Канцэпты, якія разглядаюцца ў кнізе, тычацца гісторыі, філасофіі, культуразнаўства. Польскія аўтары першапачаткова ставілі мэтай зрабіць кнігу празрыстай, лёгкай, даступнай для чытання спецыялістам розных галін, не толькі філолагам.
Тэкст кнігі перакладалі з польскай мовы чатыры перакладчыцы – Марына Шода, Святлана Рогач, Марыя Пушкіна, Таццяна Нядбай. Рэдагаваў выданне Лявон Баршчэўскі.
«Было складана, але я лічу, што мы зрабілі памяркоўную, залатую сярэдзіну, знайшлі адпаведнікі ў тэрміналогіі, пастараліся дайсці да адзінага разумення. Я абсалютна перакананы, што нехта знойдзе памылкі або недахопы, бо гэта была велізарная, насычаная праца, над кожным сказам трэба было думаць. Але гэтае выданне – выдатнейшы штуршок, не толькі для перакладчыкаў. Якую першую кніжку павінны цяпер чытаць аспіранты? Вядома, вось гэтую. Яна задае сістэму, скелет. Без гэтага проста немагчыма», – кажа Лявон Баршчэўскі.
Афіцыйная прэзентацыя кнігі адбудзецца а 19-й гадзіне ў чацвер, 23-га лістапада, у будынку канцэртнай залі «Менск», аўдыторыя 102.
Вераніка Уладзімірава, belsat.eu