Да тых, каго Міністэрства абароны цяпер будзе лічыць ухілістамі, дададзеная новая катэгорыя грамадзянаў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 25 ліпеня паведаміў Андрэй Мурашоў, кансультант Генеральнага штабу Узброеных сілаў.
Прадстаўнік Міністэрства абароны адзначыў, што зараз ухілістамі будуць лічыць не толькі тых, хто атрымаў позву, паведамляе БелТА.
Цяпер да ўхілістаў аднесеныя і тыя, хто «ведаючы, што іх павінны заклікаць, што ў іх няма законных падставаў для адтэрміновак, не пражываюць па месцы жыхарства па адрасе, які вядомы ваеннаму камісарыяту, і з-за гэтага ім не могуць уручыць позву».
Такім грамадзянам цяпер будуць часова абмяжоўваць выезд за мяжу. Пра гэта ім паведамяць на вядомы ваенкамату адрас.
Андрэй Мурашоў падкрэсліў, што закон аб вайсковым абавязку і вайсковай службе абавязвае грамадзянаў паведамляць ваенкамату пра сваё месца знаходжання.
МГ belsat.eu